Што Расея не паказала на апошнім парадзе?


Парад на Краснай плошчы 9 траўня сёлета быў больш сціплы, чым у мінулыя гады. Было некалькі навінак абарончай прамысловасці, але далёка не ўсё, што можна было прадэманстраваць. Каму адрасавалі карцінку і што схавалі ў Маскве?

Надзвычайная імпрэза

10 тысячаў вайскоўцаў, сотні адзінак вайсковай тэхнікі і дзясяткі мільёнаў гледачоў у жывым эфіры. Сёлета, было значна менш камераў і больш «ляпаў», заўважных адмыслоўцам. Для гледачоў устаноўкі былі простыя: «Мы самі разбілі фашыстаў 72 гады таму, а саюзнікі толькі пад нагамі блыталіся».

«Мы ніколі не забудзем, што свабоду Еўропы і доўгачаканы мір на планеце адваявалі менавіта нашыя бацькі, дзяды і прадзеды», – заявіў Уладзімір Пуцін на Краснай плошчы. Калісьці ў гэтым месцы ў гэты дзень побач з кіраўніком Расеі стаялі дзясяткі лідараў замежных дзяржаваў. Пасля агрэсіі супраць Украіны расейскага прэзідэнта сталі байкатаваць – сёлета прыехаў толькі Ігар Дадон з Малдовы.

Па плошчы маршам прайшлі вайскоўцы, супрацоўнікі ФСБ, кадэты і – упершыню – так званыя юнармейцы, парамілітарны моладзевы рух.

Што да бронетэхнікі, сёлета навінкай сталі арктычныя варыянты сістэмаў супрацьпаветранай абароны «Панцирь-СА» м «Тор М2ДТ» у арктычным камуфляжы. Расея дэманструе, што гатовая змагацца за запалярныя шэльфы, багатыя вуглевадародамі. Кошт пытання – мільярды долараў. Супернікі – Канада, Данія, Нарвегія і Злучаныя Штаты. Масква ўжо цяпер трымае ў Арктыцы вайсковую групоўку, пастаянна ладзіць там вучэнні, будуе ледаколы і марозаўстойлівую бронетэхніку і авіяцыю.

Значнай часткай паказанай тэхнікі былі бронеаўтамабілі, баявыя машыны пяхоты і дэсантныя машыны, патрэбныя для сілаў спецпрызначэння.

«Падзеі ў Крыме, шмат у чым падзеі ў Сірыі і ва Украіне паказалі, што Расея надае шмат увагі гэтым сілам, і яны мусяць быць адпаведным чынам узброеныя», – кажа ваенны аглядальнік Аляксандр Алесін.

Цвіком праграмы сталі танкі Т-14 «Армата». Ён пераўзыходзіць свае заходнія адпаведнікі – нямецкага «Леапарда» і амерыканскага «Абрамса»: танк б’е на далейшыя адлегласці, мае больш тоўстую браню, а таксама сістэму актыўнай абароны, каб адбіваць ракеты і снарады на падлёце. Паводле дзяржаўнае праграмы ўзбраенняў, праз 3 гады Расея мусіць мець 2300 такіх танкаў. Пасля ўвядзення заходніх санкцыяў рэалізацыя праграмы, аднак, аказалася пад пагрозаю: выраслі кошты на электроніку і рэдказямельныя металы, неабходныя для броні і боепрыпасаў. Цяпер пад пытаннем не толькі лёс танку, але і баявых машын пяхоты «Курганец» і «Бумеранг». Аляксандр Алесін кажа, што план паставак частак для гэтай тэхнікі ўжо не выконваецца.

«Існуюць толькі адзінкавыя ўзоры ці дробныя серыі, – заяўляе эксперт. – Цяжкасці тут эканамічныя ці тэхналагічныя. Магчыма, прадпрыемствы-смежнікі не спяшаюцца ці не могуць асвоіць новыя камплектуючыя вырабы».

Агулам вайсковай тэхнікі сёлета было менш. Не паказалі не толькі большасць сапраўдных навінак, але нават часткі арсеналу, што дэманстравалі ў мінулыя гады.

«Шмат якія ўзоры тэхнікі, якія мусілі з’явіцца паводле графіку і прайсці па Краснай плошчы, не былі паказаныя – ані сістэма дальняга дзеяння С-500, ані сістэма сярэдняга дзеяння С-350, ані супрацьпаветраны комплекс Бук-М3», – кажа Алесін.

Магчыма, на гэта проста няма грошай. Парад каштаваў $ 8,5 млн. З гэтай сумы $ 1,7 млн было выдаткавана на разгон аблокаў. Баявая авіяцыя над Масквой, аднак, не паляцела. Грошы асвоілі, а хмары гэтак і не разагналі.

Сюжэт выйшаў у «ПраСвеце».

Іншыя тэмы:

  • Франак Вячорка vs Андрэй Дзмітрыеў. Ці беларускім чыноўнікам карысна ездзіць у Тэхас?
  • Што Лукашэнка прывязе з Кітаю?
  • Дзве вайны за адно жыццё

Яраслаў Сцешык

Стужка навінаў