«Ёсць коцікі, але большасць – добрыя працы». Куратар пра выставу для ўсіх


1-га лютага ў Менску адкрыецца выстава працаў, якія «пралезлі ў дзверы».

Куратар галерэі «Дом карцін» Вольга Кліп перакананая, што ў Беларусі жыве нашмат больш мастакоў, чым можна пабачыць на выставах, таму запрашае да ўдзелу ў выставе «Я Манэ Я Шышкін Я Малевіч» мастакоў усіх узростаў і веравызнанняў, незалежна ад адукацыі і сацыяльнага статусу.

У першы дзень прыёму працаў чарга да «Дому карцін» у мікрараёне Вяснянка расцягваецца на некалькі гадзінаў.

«Сутнасць акцыі ў тым, каб кожны жадаючы, незалежна ад полу, узросту ці прафесійнага ўзроўню, мог выставіць сваю мастацкую працу ці аб’ект. Адзіная ўмова – каб памер працы дазваляў пранесці яе праз дзверы нашай галерэі», – дзеліцца падрабязнасцямі праекту куратарка.

«Хоць мы і спадзяваліся на зацікаўленасць, але такога ажыятажу не чакалі – цягам чатырох гадзінаў праз дзверы «Дому карцін» ужо пранеслі свае творы больш за 200 мастакоў». – кажа Кліп.

Арганізатары выставы не абмяжоўваюцца тэматыкаю, жанрамі ці відамі мастацтва, і спадзяюцца сабраць цікавую і разнастайную калекцыю.

«Ужо можна казаць, пра даволі высокі ўзровень прапанаваных на экспазіцыю аб’ектаў. Зразумела, ёсць пэўная частка прымітыву – простыя краявідзікі, нейкія коцікі, але пераважная большасць – добра выкананыя працы, дзе-нідзе прасочваецца і наяўнасць ідэі», – дзеліцца ўражаннямі арганізатарка.

Правесці мастацкую акцыю Вольгу натхніў прыклад амерыканскага куратара Ўолтэра Хопса (Walter Hopps), які ў 1978 годзе адкрыў выставу «36 гадзінаў», дзе кожны ахвотны мог выставіць любы свой твор на гадзіну.

«Мы абвесцілі, што прымаем працы цягам трох дзён – 29, 30 і 31 студзеня, у працоўны час галерэі, у парадку жывой чаргі, але ўжо ў першы дзень акцыі, больш за палову галерэйных плошчаў «Дому» запоўнілася, – кажа Вольга Кліп. – Пераважна гэта жывапісныя творы, выкананыя ў розных мастацкіх тэхніках. Ёсць вітраж, а таксама карціна намаляваная незвычайнымі фосфарнымі фарбамі, але разам з тым, хацелася б бачыць тут і скульптуры, відэаінсталяцыі ды прадметныя мастацкія інсталяцыі».

Урачыстае адкрыццё выставы – 1-га лютага а 18:00.

Аляксандр Любянчук для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары