«Моладзь БНФ» праводзіць выбары. Партрэты кандыдатаў, якія будуць змагацца за пасаду кіраўніка арганізацыі


У нядзелю, 24 снежня, адбудуцца выбары новага кіраўніцтва арганізацыі «Моладзь БНФ». На дадзены момант вылучылася 7 кандыдатаў.

Цяперашні кіраўнік «Моладзі БНФ» Юры Лукашэвіч яшчэ 2 гады мог займаць сваю пасаду, але адмовіўся ад яе:

«Мы дамовіліся, што зменшым тэрмін знаходжання на пасадзе да аднаго года – зараз тры гады было, мы палічылі, што гэта шмат для моладзевай арганізацыі. А па-другое, я ўжо намеснік кіраўніка Партыі БНФ».

Belsat.eu сустрэўся з кандыдатамі каб зразумець як моладзь пачынае цікавіцца беларушчынай, навошта ўступае ў апазіцыйныя партыі і як бачыць будучыню Беларусі.

Багдан Сакалоў, 21 год, Менск

Багдан Сакалоў абраў месца сустрэчы ля былой сядзібы БНФ, бо тут пачыналася яго дзейнасць.
11 снежня 2017 года. Ірына Арахоўская / Белсат

У арганізацыі Моладзь БНФ Багдан кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі, а па-за партыяй фрылансер-журналіст.

«Бадай з дзяцінства быў у БНФ, мая маці там была. Калі б мы жылі пры дэмакратыі, я б спакойна пісаў бы свае артыкулы, але на сённяшні дзень лічу што палітыка датычыцца кожнага. Сучасная моладзь баіцца, не цікавіцца палітыкай і ўвогуле хоча з’ехаць. Усе чакаюць зменаў, але ніхто іх рабіць не хоча. Магчыма ў гэтым віна і апазіцыі».

Багдан плануе зрабіць акцэнт на актывізм сярод моладзі:

«Рэпутацыя ў сучаснай апазіцыі не самая лепшая, на жаль, у іх зашмат агульныя праграмы, шмат тэксту і мала канкрэтыкі. Трэба прыслухоўвацца да большасці і для пачатку працаваць над пытаннямі якія іх цікавяць».

Алесь Філіпенка 17 год, Полацк

Алесь Філіпенка: “Бацькі назвалі мяне Алесям у гонар героя рамана Караткевіча”. 11 снежня 2017 года. Ірына Арахоўская / Белсат

У хлопца вельмі разнастайныя цікавасці – хлопец гуляе ў дублі футбольнага клубу «Дынама-Менск», вучыцца ў БНТУ на эканамічнай спецыяльнасці і цікавіцца культурай Беларусі.

«Вылучыўся на пасаду кандыдата для атрымання досведу і больш глыбокага пагружэння ва ўнутраную кухню арганізацыі» – адзначыў Алесь.

Дзяніс Мандзік 18 год, Барысаў

Дзяніс Мандзік абраў месца для ўласнага партрэта помнік ахвярам выбуху 2011 года. 11 снежня 2017 года, Менск. Ірына Арахоўская / Белсат

Беларускай мовай і культурай пачаў цікавіцца праз музыку, а ў Партыі БНФ маладзёна прывабліваюць кансерватыўныя каштоўнасці:

«Я хацеў бы працягнуць працу цяперашняга кіраўніка Юрася Лукашэвіча. Лічу што больш увагі трэба ўдзяліць рэгіёнам і міжнароднай супрацы».

У партыі Дзяніс займаецца распрацоўкай кампаніяў, па-за партыяй хлопец працуе ў рэстарацыі нацыянальнай кухні.

Нікіта Краснакуцкі 21, Менск

Нікіта Краснакуцкі: «Курапаты – самае значнае для мяне месца. Падзеі, якія адбываліся тут вельмі паўплывалі на маё стаўленне да сітуацыі ў краіне і маю цікаўнасць да гісторыі.
11 снежня 2017 года. Ірына Арахоўская / Белсат

Нікіта працуе на прадпрыемстве «Інтэграл» і навучаецца ў ЕГУ:

«Калі я вучыўся ў 11-м класе, я вельмі зацікавіўся гісторыяй, але настаўнікі не маглі адказаць на маі пытанні і я пачаў шукаць сам. У партыі я займаю пасаду намесніка кіраўніка Менскай арганізацыі і цікаўлюся правамі чалавека».

Краснакуцкі вырашыў вылучыцца, бо хоча зрабіць Моладзь БНФ паўнавартасным удзельнікам палітычнага жыцця ў Беларусі:

«Беларусы згубілі свой гонар – памяркоўныя, усё перацерпяць. Я хацеў бы каб мы дасягнулі адраджэння нацыянальнага гонару».

Марк Грыневіч, Берасце

Марк Грыневіч, фота з прыватнага архіва

«У «Моладзь» я трапіў абсалютна выпадкова, па-за межамі арганізацыі я вучуся на лагіста, гуляю ў скелетон і насалоджваюся жыццём».

Спіс кандыдатаў Марка не задаволіў:

«Гэта карупцыянеры, якія пры першай жа магчымасці раскрадуць увесь наш бюджэт. Нельга падпускаць такіх людзей да ўлады, таму я тут, я прыйшоў выратаваць арганізацыю».

Юнак заклікае ўбачыць у моладзі вялікі моц:

«Мы павінны задумацца над тым, як зрабіць так, каб наш моц садзейнічаў развіццю нашай краіны, развіццю палітычнай сістэмы».

Ганна Смілевіч 18 год, Менск

Ганна Смілевіч, 11 снежня 2017. Ірына Арахоўская / Белсат

Навучаецца ў БДУ на факультэце журналістыцы, адпаведна ў МБНФ з’уяўляецца прэс-сакратаркай.

Цяперашні кіраўнік, Юры Лукашэвіч на прасторах сацыяльных сетак актыўна прапагандуе на выбарах аддаць свой голас за Ганну. Сёлета Юрась і Ганна сталі лепшымі актывістамі 2017 года.

Ганна сваю кандыдатуру абгрунтавала так:

«Паглядзеўшы на кандыдатаў, якія не могуць дамовіцца паміж сабой і ставяць свае амбіцыі вышэй, чым інтарэсы арганізацыі, я вырашыла пайсці на гэтыя выбары. Я заклікаю ўсіх кандыдатаў аб’яднацца вакол мяне, і разам мы зможам працягнуць нашу дзейнасць на высокім узроўні».

***

Сёмы кандыдат, Арцём Касавараў не знайшоў час для размовы.

Арцём Касавараў, фота з прыватнага архіва

Пра яго вядома што ён кіраўнік гомельскай абласной арганізацыі.

 

Ірына Арахоўская, belsat.eu

Стужка навінаў