«Моладзь БНФ» прапануе забараніць Жырыноўскаму ўезд у Беларусь


Актывісты маладзёвай арганізацыі Беларускага народнага фронту зрабілі шэраг заяваў адносна выказванняў расейскага палітыка Уладзіміра Жырыноўскі пра Беларусь, паведамляе svaboda.org.

Актывіст «Моладзі БНФ» з Берасця Максім Солад звярнуўся ў міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем даць прававую адзнаку выказванням расейскага палітыка Уладзіміра Жырыноўскага адносна Беларусі і разглядзець пытанне аб забароне яму ўезда ў Беларусь. Аўтар звароту лічыць, што заява дэпутата Дзярждумы пасягае на тэрытарыяльную цэласнасць і незалежнасць Беларусі.

Актывіст з Берасця звярнуў увагу, што выказванні, які ставяць пад сумнеў незалежнасць Беларусі, гучаць з вуснаў Жырыноўскага ўжо не першы раз.

«Беларуская ўлада ніяк не рэагуе на падобныя заявы і, такім чынам, дазваляе публічна прыніжаць краіну ды пасягаць на тэрытарыяльную цэласнасць Рэспублікі Беларусь», – адзначае прэсавая служба «Моладзі БНФ» словы кіраўніка лідскай суполкі арганізацыі Аляксея Маркевіча.

Пра рашучасць абараняць  тэрытарыяльную цэласнасць і незалежнасць Рэспублікі Беларусь таксама выказаўся сябра Рады Моладзі БНФ Мікіта Краснакуцкі.

«Нягледзячы на адказ МУС РБ мы будзем і надалей рабіць усё дзеля таго, каб абараніць незалежнасць і суверэнітэт нашай краіны. Кожны павінен зразумець, што наша краіна зʼяўляецца самастойнай і толькі беларускі народ можа вырашаць, куды яму ісці і што рабіць. Мы з радасцю чакаем гасцей у нашай краіне, але вельмі важна, каб госці не забывалі, што яны госці», – падсумоўвае намеснік кіраўніка «Моладзі БНФ» Аляксей Дарашэнка.

Падчас выступлення на ​​зʼездзе партыі ЛДПР,  4 лютага, у суботу, Жырыноўскі зрабіў шэраг выказванняў у адрас Беларусі.

Тады давайце вы будзеце часткай нашае дзяржавы, – пракаментаваў ён прамову Лукашэнкі.

ВД, паводле svaboda.org

Стужка навінаў