Мог бы піць 4,5 гады! У Баранавічах канфіскавалі сотні літраў спірту для «ўласных патрэбаў»


У жыхара Баранавічаў у аўце знайшлі 68 бутэлек «левай» гарэлкі. Вобшук у гаражы прынёс яшчэ больш «сюрпрызаў».

Працоўнікі Баранавіцкага аддзялення міліцыі спынілі аўтамабіль «Сітраен», якім кіраваў 36-гадовы мясцовы жыхар. У багажніку ён перавозіў 68 бутэлек гарэлкі без акцызных марак, а таксама 7 пластыкавых каністраў спірту ёмістасцю па 10 літраў кожная.

Пазней падчас вобшуку ў гаражы міліцыянты знайшлі яшчэ 270 літраў спірту ў пластыкавых каністрах.

340 літраў спірту – для ўласных патрэбаў?

Мужчына растлумачыў, што алкаголь набываў у Смаленску і спірт захоўваў «для ўласных патрэбаў». Цяпер жыхару Баранавічаў пагражае  штраф у памеры да 100 базавых велічыняў. Спірт канфіскавалі.

Калі спірт і гарэлка былі патрэбныя сапраўды «для ўласных патрэбаў», то выпіваючы штодня па бутэльцы гарэлкі, гэткіх запасаў яму б хапіла прынамсі на 4,5 гады. Паводле разлікаў са спецыялізаваных сайтаў, з 340 літраў спірту пры развядзенні атрымоўваецца 816 літраў гарэлкі. А гэта супольна з 68 бутэлькамі, што знайшлі ў аўце, складае 1700 бутэлек.

Колькі гарэлкі можна зрабіць з 340 літраў спірту?

ВД, uvd.brest.gov.by 

Стужка навінаў