«Модна, стыльна, патрыятычна»: БРСМ апранаецца ў вышыванкі


Ідэолагі з БРСМ ужо ў другі раз ладзяць «Дзень вышыванкі». Мерапрыемства пройдзе сёння на пляцоўцы ля Палацу спорту ў Менску.

У праграме – гандаль сувенірамі і вопраткай у нацыянальным стылі, выступ эстрадных музыкаў, а таксама флэшмоб «Пацалунак у вышыванцы». Падчас флэшмобу арганізатары прапануюць «усім закаханым зліцца ў самым масавым пацалунку» і «не забыцца апрануць вышыванку».

«Вышыванка – гэта не толькі патрыятычна, але і модна, стыльна сярод людзей усіх узростаў. Выкарыстоўваючы вышыванку ў паўсядзённым жыцці, чалавек выказвае сваю нацыянальную і грамадзянскую пазіцыю», – заклікаюць яны.

Упершыню такую імпрэзу дзяржаўныя ідэолагі правялі летась і, паводле іх, ідэя запатрабаваная грамадствам.

«Ідэя правядзення напярэдадні Дня незалежнасці такога масавага народнага святкавання сваёй нацыянальнай ідэнтыфікацыі праз беларускую культуру, традыцыі, беларускі арнамент, аказалася запатрабаванай у грамадстве і падхопленай рэгіёнамі, рознымі арганізацыямі», – гаворыцца на афіцыйным сайце БРСМ.

«Дзень вышыванкі» завершыцца выступам беларускіх спевакоў і музычных гуртоў, у тым ліку на сцэне зʼявяцца ўдзельнікі Еўрабачання-2017 NaviBand.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары