МНС раіць пазбягаць стыхійных месцаў купання на Вадохрышча


Міністэрства надзвычайных сітуацыяў заклікае пазбягаць стыхійных месцаў купання падчас святкавання Вадохрышча.

Пра гэта 15 студзеня на прэс-канферэнцыі паведаміў начальнік рэспубліканскага атраду спецыяльнага прызначэння МНС Ігар Зарэмба.

«Неабходна пазбягаць стыхійных месцаў купання, рабіць гэта ў арганізаваных месцах, ацэньваць свой стан здароўя, выключаць купанне ў нецвярозым выглядзе. Таксама трэба паводзіць сябе арганізавана і выконваць рэкамендацыі, якія будуць дадзеныя на месцы. У межах падрыхтоўкі да святкавання хрышчэння ва ўсіх вызначаных мясцовымі ўладамі падраздзяленнях МНС ратавальнікі будуць прыцягвацца для забеспячэння бяспекі грамадзянаў разам з супрацоўнікамі аховы здароўя і МУС », – адзначыў Ігар Зарэмба.

Таксама ён распавёў, што больш за 1,8 тыс. ратавальнікаў прайшлі навучанне па праграме «ратавальнік-плывец», а МНС шчыльна супрацоўнічае з Беларускім таварыствам выратавання на водах у пытаннях прафілактыкі і падчас пошукава-выратавальных працаў.

Больш за 100 тыс. асобаў возьмуць удзел у купаннях на Вадохрышча

Столькі ўдзельнікаў святкаванняў па ўсёй Беларусі называе старшыня Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах Анвал Ігамбердыеў.

Парады ад медыка

Галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па камбустыялогіі Аляксей Часнойц нагадаў пра неабходнасць цёпла апранацца падчас святкаванняў і не ўжываць спіртнога.

«Большасць выпадкаў абмаражэнняў адзначаецца ў людзей у алкагольным ап’яненні. Алкаголь не сагравае – 15-20 хвілін чалавек можа адчуваць нейкі прыліў цяпла, але затым наступае спазм сасудаў і тэмпература цела зніжаецца, асабліва на руках і нагах. Таму ў стане апʼянення на моцны мароз выходзіць не трэба», – адзначыў медык.

Вадохрышча або Богаз’яўленне – праваслаўнае свята. Перад ім хрысціяне маюць выканаць строгі пост, а ўдзень у цэрквах адбываецца літургія.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў