«Мне хацелася б, каб Беларусь засталася на карце». Дануце Бічэль споўнілася 79 гадоў


Адна з галоўных постацяў беларускага адраджэння ў Горадні, стваральніца музею Максіма Багдановіча, вядомая грамадская дзяячка і заслужаная паэтка, для большасці беларусаў вядомая са школьных падручнікаў па беларускай літаратуры. Мы завіталі да Дануты Бічэль да дня яе народзінаў.

Данута Янаўна гасцінна адчыніла дзверы сваёй сціплай кватэры. Да нас выбеглі пяць яе катоў, пра якіх спадарыня Данута распавядае цёпла нібы пра людзей. Не дзіва: любоў да ўсяго жывога адчуваецца ў кожным радку яе вершаў.[/vc_column_text][vc_single_image image=”403935″ img_size=”large”][vc_column_text]

Елі бульбачку з тоўчаным семем, але не адчувалі беднасці

Данута Янаўна Бічэль нарадзілася ў вёсцы Біскупцы ў 1937-м годзе, дзе прайшло яе дзяцінства. Нягледзячы на тое, што большую частку жыцця яна пражыла ў горадзе, вёска ніколі не пакідала яе, жыла ў яе снах.[/vc_column_text][vc_single_image image=”403971″ img_size=”large”][vc_column_text]Сваё дзяцінства паэтка ўзгадвае як найцудоўнейшы і анёльскі час свайго жыцця. У вясковай хаце маленькая Данута жыла разам з мамай, татам і сястрой Рэняй.

«Бацькі сварыліся зранку да вечара, але гэта не важна. Яны любілі адзін аднаго, любілі нас, – кажа спадарыня Данута. – Мы былі надта бедныя, канцы з канцамі ледзь зводзілі, але зводзілі. Гэта было зусім іншае жыццё, чым сёння. Мы не адчувалі, што нам чагосьці бракавала. Елі тую бульбачку з семем тоўчаным, асабліва ў пост, але гэта не мела зусім значэння.

Зіма прыйшла, а ў мяне няма абутку цёплага. І гэта неяк усё пераносілася натуральна, хораша.

Я пераносіла ўсе гэтыя нягоды, басаногае хаджэнне па расе – была пастушкаю кароў. Я не ведала іншага ўкладу жыцця, і той, які быў, быў такім, як трэба».[/vc_column_text][vc_single_image image=”403999″ img_size=”large”][vc_column_text]«Самае прыгожае – гэта было пасвіць кароў, прыгадвае паэтка, – Гэтая раса, гэтае жыццё лесу, трава, кароўкі, птушачкі. Ты глядзіш і пішаш вершы: нельга не пісаць – яны самі складаюцца».

Гэта быў мой свет, жаўранкавы…

«Я на днях пачула, што ў нас у Беларусі жаўранкаў мала. Нават падлічылі, колькі іх засталося. А я вось памятаю гэтую зямлю, за межы якой, я не выходзіла. Гэта – вёска, нейкія там хутары. Тады гэты мой свет быў жаўранкавы, ён звінеў вясною, – кажа спадарыня Данута. – Памятаю верш, якія я напісала, калі ўжо паехала вучыцца ў Ліду: «Той жаўранак, які вітаў мяне, яго паветра роднае трымала…».

Данута Янаўна скончыла педвучылішча, тры курсы ў Лідзе і пасля чатыры ў Наваградку. Горад зачароўваў яе багаццем сваёй гісторыі. З дзяцінства паэтку натхняў Адам Міцкевіч. «Гражына» і «Конрад Валенрод» былі аднымі з першых твораў, якія чытала Данута Янаўна. Пасля яго стаіць Францішак Багушэвіч і Цётка, з творамі якіх паэтка знаёмілася, гартаючы віленскія часопісы, надрукаваныя лацінкай, што заўсёды былі ў бацькоўскай хаце.[/vc_column_text][vc_single_image image=”403987″ img_size=”large”][vc_column_text]У Горадню Данута Янаўна пераехала ў 1957 годзе, дзе паступіла ў Гарадзенскі педагагічны інстытут імя Я. Купалы. Менавіта з гэтым горадам паэтка звязала ўсё астатняе жыццё. Працаваць свежаспечаная настаўніца беларускай мовы і літаратуры пачала ў 1962-м годзе ў Школе рабочай моладзі. Пасля яе закрыцця перайшла ў дзіцячую школу, аднак праца з дзецьмі аказалася для яе пякельнай.

«Мяне не ўспрынялі як настаўніцу. Мне казалі, што трэба на дзяцей крычаць, але я гэтага не ўмела. У Школе рабочай моладзі ў мяне не было пытання дысцыпліны. Мяне паважалі людзі, якія прыходзілі часам ноч не спаўшы, без сшыткаў на першую змену, бо гэта былі дарослыя. Я была іх сяброўкай і яны цанілі маю працу. Я крыху не дапрацавала да 20-ці гадоў настаўніцкага стажу. У дзённай школе я не змагла працаваць. Тады Аляксей Карпюк і Максім Танк уладкавалі мяне на працу ў Гарадзенскі гісторыка-археалагічны музей, у літаратурны аддзел. У ім вызвалілі адну кватэру пад музей Багдановіча».

Шукалі Беларусь і прыходзілі ў музей Максіма Багдановіча

У 1982 годзе Данута Янаўна пачала ствараць музей Максіма Багдановіча, які ў часы палітычных пераменаў стане пляцоўкай, дзе збіралася рада Беларускага народнага фронту. Сюды прывозілі газеты з Менску, тут друкавалі лістоўкі для сваіх кандыдатаў. Друкавалі газету «Рэанімова». Спачатку набіралі на машынцы, а потым рабілі ксеракс. Друкаваць ездзілі ажно ў Вільню, таму што ўсе гарадскія ксераксы можна было адсачыць і вылічыць. Дануту Янаўну не раз вазіла ў Вільню адна медсястра, якая працавала на скураной фабрыцы.[/vc_column_text][vc_single_image image=”403951″ img_size=”large”][vc_column_text]«Музей прыцягваў людзей. Прыязджалі з іншых рэспублік, шукалі Беларусь і прыходзілі ў музей Багдановіча. Людзі самі прапаноўвалі, што могуць. Быў такі час. Фізікі збіралі музей старажытнага беларускага мастацтва. Хацелася, каб у Беларусі была нармальная атмасфера, нармальнае жыццё. Перш за ўсё мы хацелі, каб гэты шосты артыкул знялі, каб камуністычная партыя не дамінавала (6-ы артыкул Канстытуцыі СССР аб кіроўнай ролі КПСС была адмененая ў сакавіку 1990 года. – Заўв. «Белсат»). Але так неяк склалася, што мы ўсё роўна жывем у нейкай штучнасці. Увесь час мы жылі і нас вучылі ілгаць. Выходзілі на трыбуны, пачыналі гаварыць, як у нас усё добра, у якой цудоўнай краіне мы жывем. А на самой справе, гэта было не так. Было дрэнна».[/vc_column_text][vc_column_text]«Усе падняліся. Усе рэспублікі. І мы за імі. І была такая магчымасць нешта змяніць. Мы маглі гэта зрабіць, але не зрабілі. Не зрабілі, таму што Пазняк, Шушкевіч і Кебіч не дамовіліся паміж сабой. Ну гэта так, калі фармальна», – з жалем прызнае Данута Янаўна.

Шчаслівая «жабрачка»

«Ніколі да мяне ўлады добра не адносіліся. Мне было добра таму, што былі Карпюк і Быкаў. Яны бралі агонь на сябе. У Карпюка – як у партызана. Ён рабіў нешта і ўцякаў у кусты, а ў Быкава свая афіцэрская тактыка. І я была паміж імі. Ну, правяралі мяне. Божа мой! Я пісала вершы, кніжкі, пра іх гаварылі. Тады літаратура была зусім не ў такім стане, як зараз. Цяпер мы ўсе вядомыя ў цесным коле, а тады вядомыя былі ў Беларусі. Мы былі публічнымі людзьмі. Нас запрашалі ў прэзідыум на ўсе іхныя парады. На розныя ўрачыстыя вечарыны».

«На допыты мяне ў асноўным выклікалі наконт Ларысы Геніюш. Спачатку ў абкам партыі потым у КДБ. Я не была такой вялікай, як Быкаў, таму мне было лягчэй. Увесь час неяк лавіравалі. Я, зрэшты, тады і з кніжкай хітравала, я ж яе выдала ў дзяржаўным выдавецтве, а яна антыдзяржаўная. І сёння бел-чырвона-белы сцяг – забаронены сцяг. А ў маіх вершах яго поўна. І думкі, і ўсе мае гэтыя асобы, пра якіх я пішу, вельмі шмат іх не рэабілітаваных. Першая – Ларыса Геніюш».

У канцы савецкай эпохі Данута Бічэль вельмі шмат выступала з вершамі. Цяпер рабіць гэта ёй складана. «Доўга не магу быць там, дзе шмат людзей, нават у касцёле. Хутка стамляюся», – прызнаецца паэтка.[/vc_column_text][vc_single_image image=”403955″ img_size=”large”][vc_column_text]Напрыканцы 90-х Дануту Янаўну звольнілі з музею, што стала для яе вялікім ударам. Ёй было ўжо 60 гадоў, аднак сядзець удома было вельмі цяжка. Паэтка доўгі час шукала працу і ў выніку ўладкавалася вартаўніком.

Мая сяброўка казала мне раней: «Цябе выганяць на пенсію і ты будзеш жабрачкай!». Усё так, але я шчаслівая, што я жабрачка. Я працавала на Максіма Багдановіча, я расказвала пра яго людзям».

Акунь-дакунь-кунь-кунь-кунь

Вершы беларуская паэтэса пачала пісаць, яшчэ нават не ўмеючы пісаць. Данута Янаўна жартам распавядае, што ўпершыню рыфмаваныя радкі нарадзіліся падчас гульні з сястрой і яе сяброўкамі: «Мы гулялі ў «котку-мышку», і яны спыталі ў мяне: «Мышка, мышка! Дзе жывеш?». А я адказала: «Акунь-дакунь-кунь-кунь-кунь!». Вось гэта быў мой першы верш». Калі мы хадзілі ў школу праз лес, мы гулялі: нехта пачынаў верш, а другі працягваў. А потым яны перасталі гэтым займацца, а я працягвала. Я запісвала вершы ў сшыткі, а мама тыя сшыткі на падпал брала, бо не было паперы».[/vc_column_text][vc_single_image image=”404015″ img_size=”large”][vc_column_text]Частыя вандроўкі па Беларусі з літаратурнымі выступамі моцна паўплывалі на паэтку: яна пачала пісаць вершы на гістарычна-патрыятычную тэматыку. З’явіўся цэлы цыкл пра Кастуся Каліноўскага, Еўфрасінню Полацкую і іншых гістарычных постацяў Беларусі. У 2000-х гадах Данута Бічэль паглыбілася ў духоўную і рэлігійную тэматыку. Былі выдадзеныя такія зборнікі, як «Стакроткі ў вяночак Божай Маці» і «Ойча наш…», пабачыла свет кніга прозы «Мост святога Францішка».[/vc_column_text][vc_single_image image=”403927″ img_size=”large”][vc_column_text]У 2008-м годзе выйшла выданне мемуараў і эсэ Дануты Бічэль «Хадзі на мой голас», дзе паэтка сабрала свае ўспаміны пра самых блізкіх людзей і сяброў – Янку Брыля, Мацея Юзафа Канановіча, Васіля Быкава, Аляксея Карпюка, Кастуся Тарасава. Крыстыну Лялько, Зоську Верас, Ларысу Геніюш ды інш. Апошняй кнігай, якая стала падсумаваннем творчасці паэткі цягам жыцця, стаў зборнік твораў пісьменніцы ў серыі «Беларускі кнігазбор». Налета беларуская паэтка будзе святкаваць сваё 80-цігоддзе, аднак яна прызнаецца, што юбілеяў не любіць – у яе сям’і іх ніколі не святкавалі.

«Што важна для мяне? Беларусь, яе месца пад сонцам. Яе гісторыя і будучыня. Я пісала дзеля гэтага краю, які мне вельмі патрэбны. Я хацела б, каб, калі я памру, ён застаўся, каб новае пакаленне ўсё ж такі вярнулася да сваёй ідэнтычнасці, каб прыгадалі адкуль яны, хто яны. Я б хацела, каб Беларусь засталася на гэтай карце».

Паўліна Валіш

Стужка навінаў