«Мне абрыдла вашая брахлівая Расея!» Што сказала лётчыца Саўчанка пасля суда?


Украінская лётчыца Надзея Саўчанка на чарговым судовым паседжанні ў Басманным судзе Масквы прынцыпова прамаўляла толькі па-ўкраінску.

7 лістапада прайшло судовае паседжанне ў справе Саўчанкі, якую абвінавачваюць у датычнасці да забойства расейскіх журналістаў пад Луганскам. Лётчыцу даставілі з СІЗА, у якім, па словах ейнага адваката, яна сядзіць у адзіночнай камеры.

Калі Саўчанку заводзілі ў залу пасяджэнняў, яна крыкнула на камеры: «Слава Украіне!». Аднак адказнае прывітанне – «Героям слава!» – пракрычаў толькі адзін чалавек, пажылы мужчына, падае gazeta.ru.

На пытанне, ці патрэбны ёй перакладнік, яна патлумачыла, што расейскую мову разумее, іншая рэч – ці ў стане зразумець ейную ўкраінскую мову людзі ў судовай зале.

Суд далучыў да справы апытанне сведак з боку абароны, што раней адмаўлялася рабіць следства. Як сцвярджае адвакат Саўчанкі Ілля Новікаў, былі апытаныя трое сведкаў: два ўкраінскія вайскоўцы і сястра лётчыцы Вера Саўчанка. Паводле адваката, Надзею Саўчанку ўзялі ў палон раней, чымся загінулі журналісты дзяржаўнай тэлекампаніі, у забойстве якіх абвінавачваюць лётчыцу, і гэта – ейнае алібі.

Пасля суда, калі лётчыцу вёў канвой, яна заявіла ў калідоры: «Мне абрыдла вашая брахлівая Расея, вашыя брахлівыя суды і вашае брахлівае тэлебачанне».

Іншы адвакат лётчыцы Марк Фейгін паведаміў, што Надзея Саўчанка напісала рапарт аб звальненні з Узброеных сілаў Украіны. Звальненне з войска – абавязковае патрабаванне ўкраінскага заканадаўства да людзей, якія перамаглі на выбарах у парламент, а Саўчанка акурат прайшла ў Вярхоўную Раду ад партыі «Батьківщина».

Надзея Саўчанка абвінавачваецца ў датычнасці да гібелі журналістаў Усерасейскай дзяржаўнай тэлевізійнай і радыёвяшчальнай кампаніі (ВГТРК) пад Луганскам. Як сцвярджае следства, яны былі забітыя з наводкі Саўчанкі, а сама яна пазней была затрыманая на мяжы з Расеяй, куды нібыта адправілася пад выглядам уцякачкі. Абарона Саўчанкі нядаўна паведаміла, што супраць лётчыцы таксама збіраюцца распачаць крымінальную справу за незаконнае перасячэнне мяжы. Абвінавачаная адмаўляе сваю віну. Саўчанка і ейныя адвакаты сцвярджаюць, што яе скралі на тэрыторыі Луганскай вобласці і даставілі ў Расею.

МЯ, belsat.eu, паводле tvrain.ru, gazeta.ru.

Стужка навінаў