Міжнародныя выставы і 130 наведнікаў у дзень. Незвычайнае жыццё маленькай бібліятэкі ў спальным раёне Менску


Сучасная бібліятэка – гэта цалкам кампʼютарызаваная сістэма з электронным каталогам кнігаў і чытачоў. Можна нават замовіць у іншай бібліятэцы або ў рэзерве, калі нейкай кніжкі не апынецца на месцы. Belsat.eu наведаў бібліятэку №18 па вуліцы Каліноўскага ў Менску напярэдадні іх прафесійнага свята, дня бібліятэк Беларусі.

Загадчыца бібліятэкі №18 Кацярына Зверава распавядае, што апошнім часам наведвальнікаў у бібліятэцы становіцца ўсё больш.

«Быць можа, гэта звязана з фінансавымі магчымасцямі. У людзей няма грошай набываць кніжкі, якія каштуюць у нас дастаткова дорага. У бібліятэцы ж усё бескаштоўна, можна прачытаць усё, за што ў краме патрэбна аддаць вялікія грошы. Цяпер да нас прыходзіць 120-130 чалавек кожны дзень», – распавядае загадчыца.

Кацярына Зверава, загадчыца бібліятэкі №18

Часцей у бібліятэку стала прыходзіць моладзь, пытаюць сучасных аўтараў, напрыклад Айн Рэнд «Атлант расправіў плечы», Чака ПаланікаПаўло Каэльо. Беларускай літаратурай цікавяцца менш, але класічных аўтараў ведаюць.

«У нас няма прапаганды беларускай літаратуры, – лічыць Кацярына Зверава. – Хоць новыя кніжкі да нас паступаюць. Есць такая кніга «Прынцэса тусоўкі» аўтара Яўгена Хвалея. Гэтую кнігу чытаюць вельмі шмат падлеткаў. І хутка мы зробім сустрэчу з аўтарам, бо цікавасць да гэтай кнігі не спадае, і тэма застаецца актуальнай».

Другая частка наведвальнікаў – гэта людзі больш сталага ўзросту, пенсіянеры. Пасярод працоўнага дня менавіта яны прыходзяць па кніжкі. Наталля, працаўніца сацыяльнай службы, перабірае на кніжнай палічцы дэтэктывы.

«Усю школьную і па-за школьную літаратуру я ўжо прачытала ў свой час. Цяпер вось люблю дэтэктывы. Пакуль тут мне кніжак хапае, але хацелася б яшчэ больш», – кажа Наталля.

Фонд бібліятэкі складае каля 53 тысячаў кніг. Узнаўленне фонду адбываецца кожны год з агульнай сістэмы, цэнтралізавана. Бібліятэка не мае права сама выбіраць і замаўляць кніжкі. Толькі ў выпадку, калі некалькі чытачоў папросяць адну і тую ж кніжку, а яе не апынецца ў фондзе, то бібліятэка можа напісаць заяўку ў рэзерв камплектавання. Там будуць разглядаць гэтыя спісы і набываць, што атрымаецца.

Таксама ў бібліятэку часам прыносяць кніжкі ўласна чытачы. Такія кнігі таксама ставяцца на ўлік і становяцца агульным фондам, даступным для ўсіх карыстальнікаў.

«Але ж бібліятэка гэта не толькі кніжкі! – кажа загадчыца Кацярына Зверава. – Тут столькі цікавых людзей і столькі цікавых размоваў кожны дзень, што некаторыя прыходзяць проста пабыць у гэтым асяроддзі. Вы нідзе не сустрэнеце столькі цікавых, разумных людзей, як у бібліятэцы».

Пасярод стэлажоў стаіць жанчына, набірае кніжак, што нават цяжка трымаць.

– Шмат чытаеце?

– Так, набіраю па 10-15 кніжак за раз, колькі дазваляюць браць. Я завяла абанемент на ўнука таксама, то бяру і на яго. Але ён не чытае, ён айцішнік», – кажа Ларыса Афанасьеўнанаведвальніца бібліятэкі. Яна жыве побач, заходзіць часта і вельмі хваліць выбар кніжак і стаўленне бібліятэкараў. Ларыса Афанасьеўна – ветэран і перажыла блакаду Ленінграду. За некалькі хвілінаў размовы ў цеснаце кніжных палічак распавядае пра тое, як жылі без хлебу, як ратаваліся і як радаваліся, калі знялі блакаду.

Ларыса Афанасьеўна, жыхарка блакаднага Ленінграду

Бібліятэка №18 валодае ўласнай мастацкай галерэяй і сёння, 15 верасня, у іх адбудзецца адкрыццё міжнароднай выставы «Insight», з творамі аўтараў з Аўстрыі, Беларусі і Расеі. Часта тут выстаўляюцца сучасныя беларускія мастакі.

Напярэдадні ў бібліятэцы прайшоў квэст для вучняў гімназіі №9 «Па слядах Янкі Купалы і Якуба Коласа» да 135-годдзя нараджэння паэтаў. Дзяцей падзялілі на тры каманды і прапанавалі шукаць творы паэтаў і разгадваць рэбусы. Дзевяцікласнікі справіліся з квэстам за гадзіну.

«Ладзім імпрэзы для дзяцей, ладзім выставы, ладзім сустрэчы з аўтарамі, вечарыны», – распавядае Кацярына Зверава. Яна працуе ў бібліятэцы ўжо 16 гадоў і здзіўляецца, пачуўшы пытанне, ці праўда, што ў бібліятэцы заўсёды ціха.

Бібліятэкары – актыўныя чытачы. Вядома, яны карыстаюцца паслугамі сваёй бібліятэкі. А яшчэ бібліятэкары – псіхолагі.

«Каб параіць тую ці іншую кнігу чалавеку, трэба ведаць яе змест, прачытаць яе самому. А таксама ўбачыць па асобе, спадабаецца гэтая кніжка ці не. Бывае, прыходзіць нехта і пытаецца прачытаць дэтэктыў. Але аднаго зацікавіць адзін дэтэктыў, другога – зусім іншы. Распазнаць гэта, даведацца, запытацца і потым параіць – усе гэта праца бібліятэкара, а не толькі кніжкі выдаваць ды запісваць, як можа падацца звонку», – кажа загадчыца бібліятэкі №18.

У бібліятэцы №18 суседнічаюць на палічках біяграфія Якуба Наркевіча-Ёдкі і фотаздымак Аляксандра Лукашэнкі. Вышываныя льняныя ручнікі і брашура пра бяспеку АЭС. І тое, здаецца, як мініяцюра нашай краіны, дзе людзі ў адной размове мяняюць беларускую на расейскую і раптам назад, а ў чытальнай залі з часопісам сядзіць вельмі цікавая асоба, але адмаўляецца размаўляць з журналістамі.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Стужка навінаў