Міжнародны хакейны скандал: французы выбачыліся перад беларусамі


Аргкамітэт Чэмпіянату свету па хакеі ў Парыжы, прэзідэнт французскай федэрацыі хакею і прэзідэнт міжнароднай федэрацыі хакею афіцыйна выбачыліся перад беларускімі спартоўцамі.

А чаго выбачаліся?

Гаворка пра інцыдэнт з пільным даглядам айчыннай хакейнай каманды ў Парыжы. Міністр спорту Аляксандр Шамко назваў гэта перадузятым стаўленнем ці нават замовай. Міністэрства замежных справаў з гэтай нагоды выказала афіцыйны пратэст і выклікала да сябе амбасадара Францыі ў Беларусі Дыдʼе Канэса.

Рэакцыя Федэрацыі хакею Беларусі

«Мы з паразуменнем ставімся да патрабаванняў і правілаў перабывання ў чужой краіне, асабліва з улікам таго, што ў Францыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і ў сувязі з нядаўнімі тэрактамі ўведзены рэжым надзвычайнага становішча. Але хацелася б, каб гэта ў мінімальнай ступені адбівалася на спартовых дэлегацыях. Ці каб нас пра гэта прынамсі папярэджвалі».

Інцыдэнт адбыўся напярэдадні па прыбыцці цягніка з хакеістамі і трэнерскім штабам з Бардо ў Парыж, дзе заўтра стартуе Чэмпіянат свету. На чыгуначнай станцыі «Монпарнас» пасажыраў цягніка адпусцілі, аднак паліцыя правяла пільны дагляд багажу галоўнага трэнера зборнай Беларусі Дэіва Льюіса, ягоных памочнікаў Крэйга Ўудкрафта і Алега Антоненкі. Праз гэткую ж працэдуру прайшлі форвард Ягор Шаранговіч і Андрэй Касціцын. Гэтак нічога і не знайшоўшы, прыкладна праз 20 хвілінаў паліцыя ўсіх адпусціла.

Віталь Бабін, «Белсат»

Стужка навінаў