Міжнародная следчая група: «Бук», які збіў «Боінг» над Украінай, прыехаў з Курску


Кавалкі ракеты, якая збіла MH17 “Malaysia Airlines”. 24 траўня 2018 г. Горад Бунік (Нідэрланды). Прэс-канферэнцыя Міжнароднай следчай групы, што расследуе крушэнне самалёту. Фота – REUTERS/Francois Lenoir

Да такой высновы прыйшлі эксперты з Міжнароднай следчай групы. 24 траўня вынікі расследавання былі прадстаўленыя на прэс-канферэнцыі.

Следчыя зрабілі такую выснову, грунтуючыся на фота і відэа з сацыяльных сетак, на якіх быў зафіксаваны шлях руху «Бука» з Курскай вобласці, дзе базуецца 53-я зенітна-ракетная брыгада Мінабароны РФ (пасёлак Маршала Жукава).

«Бук» прыехаў ва Украіну ў складзе канвою з 50 адзінак вайсковай тэхнікі, у тым ліку і 6 «Букаў».

Пасажырскі самалёт авіякампаніі «Malaysia Airlines» (рэйс з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур) быў збіты ракетаю з зенітна-ракетнага комплексу «Бук» 17 ліпеня 2014 года над Данецкай вобласцю (на той момант гэты раён ужо быў пад кантролем прарасейскіх сепаратыстаў). На борце авіялайнера знаходзілася 298 чалавек. Усе загінулі.

Міжнародная следчая група і дэпартамент расследаванняў паліцыі Нідэрландаў будуць працягваць збор доказаў і фактаў пра канкрэтных людзей, якія наўпрост або ўскосна адказныя за запуск ракеты па грамадзянскім самалёце.

Летась даследчая група «Bellingcat», якая займаецца расследаваннем крушэння малайзійскага «Боінга» пад Данецкам, назвала імя прарасейскага сепаратыста які, як мяркуецца, удзельнічаў у аперацыі па транспартаванню з Расеі комплексу «Бук». Журналісты з «Bellingcat» таксама прыйшлі да высновы, што «Бук», які збіў «Боінг» MH17 прыехаў з Курскай вобласці.

У папярэдняй справаздачы (2016 год) Міжнародная следчая група сцвярджала, што «Бук», які збіў самалёт, прыехаў з Расеі, але не было дакладнай інфармацыі пра тое, да якой вайсковай часткі Мінабароны РФ належаў зенітна-ракетны комплекс.

У склад Міжнароднай следчай групы (Joint Investigation Team) уваходзяць эксперты з Аўстраліі, Бельгіі, Малайзіі, Нідэрландаў і Украіны.

Пры садзейнічанні агенцтва «Еўраюст» у 2014 годзе адбылася нарада прадстаўнікоў Інтэрполу, Еўраполу, Украіны і 11 краінаў, чые грамадзяне апынуліся сярод ахвяраў авіякатастрофы, каб паскорыць расследаванне. Па выніках нарады была сфармаваная Міжнародная следчая група. Групай кіруе пракуратура Нідэрландаў.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў