Міжнародная федэрацыя тэнісу заявіла пра гатовасць дапусціць расейцаў да Алімпіяды


Тэнісісты, уключаныя ў расейскую заяўку на ўдзел у Алімпіядзе 2016 года ў Рыа-дэ-Жанейра, адпавядаюць патрабаванням па допуску да спаборніцтваў, пазначаным Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК). Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе Міжнароднай федэрацыі тэнісу (ITF).

У паведамленні гаворыцца, што восем расейскіх тэнісістаў з 2014 года здалі за межамі Расеі 205 допінг-пробаў, з якіх 83 былі ўзятыя падчас спаборніцтваў. ITF звярнулася да Сусветнага антыдопінгавага агенцтва па пацвярджэнне, што ніхто з гэтых спартоўцаў не звязаны з парушэннямі, якія апісаныя ў нядаўнім дакладзе пра допінг у расейскім спорце.

Таксама 24 ліпеня прэзідэнт Федэрацыі скачкоў у ваду Расеі Аляксей Уласенка заявіў, што Міжнародная федэрацыя плавання (FINA) пацвердзіла ўдзел у Алімпіядзе расейскіх скакуноў у ваду і сінхраністак. «Сто адсоткаў нашы скакуны і сінхраністкі выступяць на Алімпіядзе. Мне тэлефанавалі з FINA і пацвердзілі гэта рашэнне», – цытуе яго ТАСС.

Афіцыйнага паведамлення Міжнароднай федэрацыі плавання пра допуск расейцаў да Алімпіяды пакуль няма.

З аналагічным паведамленнях выступіў прэзідэнт Федэрацыі трыятлона Расеі Сяргей Быстроў. Паводле яго, прэзідэнт Міжнароднага саюзу трыятлона (ITU) Марысоль Касада заявіла яму, што не бачыць «ніякіх прычын, каб не дапусціць расейскую зборную».

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) перадаў права вырашаць пра допуск расейскіх спартоўцаў да Алімпіяды спартовым федэрацыям у асобных відах спорту.

Расейскія спартоўцы могуць паехаць на Алімпіяду 2016 года ў Рыа-дэ-Жанейра толькі ў тым выпадку, калі міжнародныя федэрацыі прызнаюць, што яны прайшлі дастаткова строгую праверку на допінг. Яшчэ адной умовай допуску зʼяўляецца недатычнасць да парушэнняў, апісаных у дакладзе незалежнай камісіі Сусветнага антыдопінгавага агенцтва пра допінг у расейскім спорце.

Ужо вядома, што з расейскіх лёгкаатлетаў толькі адна спартоўка зможа выступіць на Алімпіядзе. Гэта звязаны з тым, што раней лёгкаатлеты ўжо былі адхіленыя ад спаборніцтваў Міжнароднай асацыяцыяй лёгкаатлетычных федэрацыяў (IAAF).

МЯ, паводле meduza.io

Стужка навінаў