Міжнародная федэрацыя каноэ адмаўляецца плаціць кампенсацыю, якую патрабуе Беларусь


Міжнародная федэрацыя каноэ (ICF) заявіла, што больш не будзе рабіць ніякіх выплат Беларусі пасля таго, як з боку апошняй паступіла патрабаванне аб выплаце кампенсацыі ў памеры да $ 500 тыс.

Менавіта такая сума, на думку беларускага боку, можа стаць кампенсацыяй за дыскваліфікацыю некаторых беларускіх спартоўцаў перад Алімпійскімі гульнямі ў Рыа летась.

Спартовы арбітражны суд ужо забавязаў ICF заплаціць Беларускай асацыяцыі каноэ 8 тыс. еўраў, таму ў міжнароднай федэрацыі сцвярджаюць, што ніякіх дадатковых плацяжоў рабіць не будуць.

«Федэрацыя мяркуе, што мела правы дыскваліфікаваць Беларусь за шматлікія допінгавыя парушэнні, зафіксаваныя падчас збораў у Францыі перад Алімпійскімі гульнямі ў Рыа-дэ-Жанэйра», – гаворыцца ў заяве ICF.

Таксама ў тэксце заявы адзначаецца, што нягледзячы на рашэнне Спартовага арбітражнага суду зняць дыскваліфікацыю з Беларусі, ICF паважае гэтае рашэнне.

У Міжнароднай федэрацыі каноэ падкрэслілі, што паводле яе правілаў, ніякіх далейшых выплат, акрамя ўжо вызначаных судом, не можа быць і не будзе здзейснена.

У студзені Спартовы арбітражны суд зняў аднагадовае пакаранне з мужчынскай зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ, накладзенае з-за падазрэнняў у парушэнні антыдопінгавых правілаў.

30 траўня генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту Анатоль Котаў распавёў пра тое, што ў адрас Міжнароднай федэрацыі каноэ накіраваная прэтэнзія з просьбай кампенсаваць усе выдаткі і маральную страту, звязаныя з дыскваліфікацыяй беларускіх спартоўцаў. Котаў удакладніў, што НАК плануе адсудзіць у федэрацыі прызавыя спартоўцаў, якія ім павінныя былі бы выплаціць у выпадку перамогі, а таксама выдаткі Беларусі на падрыхтоўку каманды. У НАК мяркуюць, што гэтая сума вагаецца ў дыяпазоне $ 400−500 тыс.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле insidethegames.biz, фотаздымак wwportal.com

Стужка навінаў