Міжмор’е літаратуры. Рэпартаж з літаратурнага форуму ў Каптарунах


Трэці год арт-вёска Каптаруны ладзіць міжнародны літаратурны форум. Сёлета тут сабраліся інтэлектуалы з Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы ды Нямеччыны.

Пятніца, 15-ая гадзіна, кнігарня «Логвінаў». Месца сустрэчы тых, хто збягае далей на дзікую прыроду разважаць пра вялікія ідэі. Па дарозе ў спякотны дзень адбываюцца не менш гарачыя размовы. Перад месцам канечным, спыняемся ў Лынтупах, дзе ў мясцовай краме, апошнім фарпосце цывілізацыі, назапашваемся ўсім неабходным: хто печывам, хто віном, і рушым далей. Вось і Каптаруны: арганізатары Артур Клінаў, Тацяна Арцімовіч, Ігар Логвінаў ды іншыя, сустракаюць гасцей.

Для таго, каб зразумець пра што гаворка ў Каптарунах, трэба запомніць два ключы: Міжмор’е ды нябачныя межы. Гэтак прадставіў тэму на самым пачатку сёлетняга літаратурнага форуму пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. На тры дні памежная, напалову апусцелая вёска, стала цэнтрам дыскусіяў на культурныя, літаратурныя ды гістарычны тэмы.

Усе размаўляюць на розных мовах, але разумеюць адзін аднога без перакладчыкаў. Мяжа – гэта тое, што нас яднае, а не падзяляе. Так гучала першая тэза падчас першай дыскусіі. Паэтка Юлія Цімафеева дадала, што межы вызначаюць нашую ідэнтычнасць, як і кожны чалавек мае пачатак і канец. А ўкраінскі паэт ды перакладчык Астап Слывінскі казаў пра неабходнасць межаў, параўнаўшы іх з плотам каля мясцовых хатаў: так, ён ёсць, але не занадта высокі.

Акрамя таго, былі закранутыя не менш цікавыя тэмы. Напрыклад, спадчына Вялікага Княства і літаратуры цяперашніх краін колішняй дзяржавы. Таксама абмяркоўваліся такія тэмы, як творчасць Святланы Алексіевіч і яе ўплыў на ўспрыманне Беларусі, разам з польскай паэткай Юлія Фядорчук закранулі праблематыку невядомай яшчэ нам экапаэтыкі.

Прэзідэнт фэстывалю «Meridian Czernowitz» Святаслаў Памяранцаў даў майстар-клас як арганізаваць паспяховы еўрапейскі фэстываль.Таксама можна было прыняць удзел у дыскусіях аб магчымасцях перакладаў, абмежаваннях у творчасці ды табу ў тэмах, паразважаць, чаго мы чакаем ад беларускай літаратуры. І, вядома, якая літаратурная імпрэза без саміх чытанняў.

Каптаруны – гэта куток, дзе можна пачуць галасы, якія чытаюць на беларускай, украінскай, літоўскай, польскай ды нямецкай мовах. А пасля асэнсоўваць пачутае ўжо ў нефармальнай абстаноўцы. Тут кожны выбірае свой спосаб: можна працягнуць тэмы дыскусіяў за сталом з келіхам, можна акунуцца ў прахалодную ваду ў мясцовым возеры ці проста прайсціся па зялёных ландшафтах, але недалёка, бо з трох бакоў вёску атачае літоўская мяжа. Просцей кажучы, Каптаруны – гэта месца, дзе сведкі падзей дыскутуюць на важныя тэмы ды проста адпачываюць душой, каб пасля вярнуцца да сваіх вялікіх гарадоў і пераказваць тыя ісціны, да якіх прыйшлі да іх у закрытай ад шуму прасторы.

Юлія Аляксеева, belsat.eu

Фота: Марта-Дарыя Клінава

Стужка навінаў