«Міжморʼе» былых прэзідэнтаў. Кіеў стварае Балтыйска-Чарнаморскую ініцыятыву


Украіна адчайна спрабуе прыцягнуць увагу да сваіх праблемаў, каб не застацца з імі сам-насам. Менскія дамоўленасці на працуюць, у краіне вайна і хаос. У той час як Еўразвяз пераймаецца ўнутранымі праблемамі, Кіеў стварае Балтыйска-Чарнаморскую ініцыятыву, мэта якой – абʼяднаць аўтарытэт былых кіраўнікоў рэгіёну. Які яны маюць супольны інтарэс, і якую ролю грае пагроза з боку Расеі?

Напярэдадні Дня незалежнасці Літвы ў Коўна прыехалі былыя прэзідэнты Украіны Віктар Юшчанка і Леанід Кучма, лідар легендарнай «Салідарнасці» Лех Валэнса, былыя літоўскія кіраўнікі Вітаўтас Ляндсбергіс і Валдас Адамкус, былы прэзідэнт Эстоніі Арнальд Руйтэль і былы кіраўнік Малдовы Пэтру Лучынскі. Лідар Памаранчавай рэвалюцыі патлумачыў сэнс такой інтэграцыі з трыбуны Універсітэту Вітаўта Вялікага.

«За 22 гады гісторыі канфліктаў у Еўропе, усе канфлікты былі замарожаныя. Адважуся сказаць, што ў Еўропе няма практыкі, якая магла б на палітычным узроўні рэгуляваць канфлікты. Ці то на Каўказе, ці на Крыме, ці ў Прыднястроўі, ці ў Данбасе. Пра што нам яшчэ гаварыць, як не пра стабілізацыю сітуацыі на зямлі, на якой жывем», – кажа былы прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка.

Да салідарнасці краінаў рэгіёну заклікаў і расейскі дзеяч літоўскага паходжання Генадзь Бурбуліс, які разам з прэзідэнтам Барысам Ельцыным падпісваў Белавежскія пагадненні.

«Мы збіраемся разам з універсітэцкаю супольнасцю даследаваць, як у гісторыі нашых краінаў і нашых пакаленняў узнікалі рэдкія формы абʼяднання, салідарнасці, кансэнсусу. Чаму ў нас атрымалася гэта ў свой час?», – задаецца пытаннем дзяржаўны сакратар Расеі (1991–1992 гг.) Генадзь Бурбуліс.

Былыя кіраўнікі краінаў Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёну ствараюць платформу «дыялог універсітэтаў», якая будзе праводзіць акадэмічныя дыскусіі на тэму выклікаў і праблемаў, з якімі сутыкаюцца краіны «Міжморʼя». Акрамя гэтага, плануецца заснаваць стыпендыяльную праграму для маладых навукоўцаў, якія займаюцца тэматыкай Сярэдняй і Усходняй Еўропы.

«Былыя прэзідэнты не ўсёмагутныя, і яны могуць рабіць толькі тое, што могуць. Зможам шмат, калі салідарызуемся з маладым пакаленнем, з універсітэцкай публікай. Таму мы дамовіліся, што ўсе нашыя саміты будуць праходзіць на ўніверсітэцкіх пляцоўках. Мы звяртаемся да самага мабільнага пакалення нашых грамадстваў», – кажа экс-кіраўнік Украіны Віктар Юшчанка.

А размаўляць ёсць пра што, гледзячы на апошнія актыўныя спробы пасварыць украінцаў з палякамі. Хваля вандалізму праляцела апошнім часам на захадзе Украіны. Невядомыя знішчылі помнік у Гуце Пеняцкай, дзе ў 1944 годзе ўкраінска-нямецкія фармаванні забілі сотні палякаў.

«Гэта чарговая правакацыя, для таго каб сапсаваць украінска-польскія адносіны», – сцвярджае сакратар украінскай Дзяржаўнай камісіі захавання памяці Святаслаў Шэрэмета.

Хто зацікаўлены ў псаванні стасункаў паміж Варшавай і Кіевам? Лідар легендарнай польскай «Салідарнасці» тлумачыць галоўную пагрозу для краінаў рэгіёну.

«Расея выкарыстоўвае тое, што мы не салідарныя. Няма салідарнасці ў Еўропе і свеце, напрыклад, з Украінай, і Расея гэта выкарыстоўвае», – сцвярджае былы кіраўнік Польшчы Лех Валэнса.

Гэта ўжо не першая сустрэча былых кіраўнікоў краінаў Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёну. Папярэдняя адбылася на пачатку снежня ў Кіеве. Тады ўдзел у форуме ўзяў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, але ён расхварэўся і да Коўна не даехаў. Ён адзіны, хто можа рэпрэзентаваць Беларусь у гэтай ініцыятыве, бо ўлада ў краіне не мяняецца ўжо 23 гады. Падчас форуму ў Коўне Беларусь згадвалі, але толькі ў кантэксце Астравецкай АЭС, супраць будаўніцтва якой моцна пратэставаў першы кіраўнік незалежнай Літвы Вітаўтас Ляндсбергіс.

«У кожным дакуменце гэтага форуму мы павінны заклікаць улады Беларусі, каб яны перагледзелі месца будовы і адсунулі яго далей на ўсход», – кажа Ляндсбергіс.

Але іншыя прамаўчалі, і тэма Беларусі больш не ўздымалася. Відавочна, што Украіна хоча выкарыстаць усе магчымасці, каб здабыць як мага больш саюзнікаў у Еўропе, і сварыцца з Лукашэнкам не хоча.

«Мне падабаюцца некаторыя выказванні прэзідэнта Беларусі, асабліва адносна мяжы з Расеяй. Прэзідэнт Беларусі разумее, што Беларусь трэба кансалідаваць і рыхтаваць да сурёзных выпрабаванняў. Мне падаецца, гэта рэакцыя ў правільным кірунку», – мяркуе Віктар Юшчанка.

Пасля форуму ў Кіеве ўдзельнікі прынялі адмысловую заяву, у якой завярнуліся да дзейных кіраўнікоў дзяржаваў з просьбай аб падтрымцы і выказаліся за мір у Еўропе. Змест ковенскай заявы пакуль рыхтуецца. Цікава, што пра саюз дзяржаваў «Міжмор’я» казаў яшчэ ў 2015 годзе прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

«Я думаю, пра ўтварэнне партнёрскага блоку пачынаючы ад Балтыйскага мора, а заканчваючы на Чорным моры і Адрыятычным. Мы маем сігналы кіраўнікоў краінаў Усходняй і Сярэдняй Еўропы», – кажа прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Практычныя праявы такой супрацы ўжо ёсць. Каля пяці тысячаў жаўнераў з Літвы, Польшчы і Украіны размяшчаюцца сёння ў Любліне ў складзе адной брыгады.

Пра ўтварэнне канфедэрацыі краінаў «Міжморʼя» марыў на пачатку ХХ стагоддзя Юзэф Пілсудскі, але ідэя не атрымала дастатковага падтрымання ўнутры Польшчы і правалілася. Сёння ж пра аб’яднанне краінаў у адну дзяржаву ніхто не кажа, але кажуць пра патрэбу салідарнасці і супрацы.

«У кожнага чалавека ёсць нейкія спадзяванні. Калі ўкраінцы пайшлі на канфрантацыю пасля Крыму, Данбасу і ўсіх гэтых падзеяў, яны спадзяваліся, што Еўразвяз пачне актыўна дзеяць і прымусіць Расею вывесці войскі. Гэтага не адбылося і не адбудзецца. Бо ў тым часе ў Еўропе зʼявілася яшчэ сотня праблемаў. Мы не павінны забываць кітайскі лозунг «спадзявацца толькі на ўласныя сілы»», – раіць былы прэзідэнт Малдовы Пэтру Лучынскі.

Кіеўскі і Ковенскі форумы маюць гістарычнае значэнне, бо гэта першая спроба абʼяднаць былых кіраўнікоў рэгіёну вакол адзінай пляцоўкі. Менавіта з гэтай мэтай быў створаны Цэнтр Балтыйска-Чарнаморскіх даследаванняў, які пакуль працуе толькі ў Кіеве, але плануе пашырацца на іншыя гарады «Міжмор’я». Ці паўплываюць размовы былых кіраўнікоў пра бяспеку, супольную гісторыю і пагрозы на актуальную палітыку ў рэгіёне? Ці будуць яны размаўляць пра эканамічную інтэграцыю краінаў паміж Балтыйскім і Чорным морам? Магчыма, адказы на гэтыя пытанні мы пачуем падчас наступнага форуму, які плануецца правесці ўжо ў траўні ў польскім Гданьску.

Руслан Шошын, «Белсат»

Стужка навінаў