Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адзначае сваё 70-годдзе


У менскім архікатэдральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі 2 студзеня прайшла святая імша з нагоды юбілею мітрапаліта Менска-Магілёўскага архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

Трэяга студзеня кіраўніку беларускага Касцёлу спаўняецца 70 гадоў.

Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 года ў вёсцы Адэльск недалёка ад Горадні. Скончыўшы сярэднюю школу, Кандрусевіч паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытуту, адкуль праз год вымушаны быў сысці ў сувязі з абвінавачаннямі ў тым, што ён рэгулярна наведвае касцёл і ўдзельнічае ў набажэнствах. У 1964 годзе Кандрусевіч паступіў на энергамашынабудаўнічы факультэт Ленінградскага політэхнічнага інстытуту, які скончыў з адзнакай, атрымаўшы дыплом інжынера-механіка. Пасля заканчэння ўніверсітэту да 1976 года працаваў інжынерам на Віленскім заводзе шліфавальных станкоў.

У 1976 годзе Кандрусевіч паступіў у духоўную семінарыю ў Каўнасе (Літва), скончыў яе ў 1981 годзе і быў пасвечаны ў духоўны сан. У 1985 годзе ён атрымаў ступень ліцэнцыята тэалогіі, у 1988-м – абараніў дысертацыю і атрымаў навуковую ступень доктара тэалогіі.

У ліпені 1989 года Папа Рымскі Ян Павел ІІ прызначыў Тадэвуша Кандрусевіча апостальскім адміністратарам Менскай дыяцэзіі, высвеціўшы яго на біскупа. Афіцыйная газета Ватыкану «LʼOsservatore Romano» апублікавала словы Папы на беларускай мове, з якімі ён звярнуўся да беларускага біскупа.

У Беларусі біскуп Кандрусевіч заснаваў Гарадзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, садзейнічаў вяртанню вернікам і адкрыццю больш чым 100 раней закрытых касцёлаў, выданню «Парадку імшы» і «Катэхізіса» на беларускай мове. У 2002 годзе ён быў прызначаны мітрапалітам катэдры Маці Божай у Маскве, а ў верасні 2007-га – кіраўніком Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-Каталіцкага Касцёлу.

Тадэвуш Кандрусевіч валодае беларускай, расейскай, польскай, англійскай ды італьянскай мовамі.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў