Мітрапаліт Павел: Жаданне вывучыць беларускую мову не прапала, але ёсць спакуса


Патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Павел не адмаўляецца ад планаў вывучыць беларускую мову, але лічыць, што мова можа падзяляць.

«Калі я сюды прыехаў, то адразу назапасіўся кнігамі і падручнікамі. Думаў: усё, цяпер буду вучыць. І ў мяне не прапала гэтае жаданне, але ёсць вялікая спакуса. Усе гавораць па-расейску. І думаеш: пазней, потым… », – цытуе словы мітрапаліта БелТА.

Ён успомніў аб сваім служэнні ў іншых краінах, дзе яму трэба было гаварыць на англійскай мове. Па словах праваслаўнага іерарха, ён проста вымушаны быў гэта зрабіць, калі трапіў у цалкам англамоўнае асяроддзе. «Вось тут я вымушаны быў і гаварыць па-анлійску, і служыць, і прапаведаваць», – адзначыў галава БПЦ.

Мітрапаліт дадаў, што ўжо вельмі добра разумее беларускую, але пакуль што яму цяжка казаць самому. «Абавязкова буду займацца беларускай мовай, таму што я бачу, як людзі рэагуюць, калі з імі гаворыш на роднай мове», – адзначыў экзарх.

Акрамя таго, ён заўважыў, што мова можа як аб’ядноўваць людзей, гэтак і раз’ядноўваць. «Вельмі яркі для нас прыклад – нашы суседзі ва Украіне. Мова стала чыннікам падзелу», – сказаў мітрапаліт Павел.

Кіраўнік БПЦ звярнуў увагу, што, напрыклад, у ЗША ўжываюцца дзве мовы: іспанскі і англійская. Ніхто не прапануе з заўтрашняга дня пачынаць гаварыць на нейкай адной. Яшчэ адзін прыклад – Швейцарыя, дзе выкарыстоўваецца чатыры мовы.

«Спробы падзелу людзей (на моўнай глебе) трэба спыняць на самым пачатковым узроўні. Дзякуй Богу, што ў нас у Беларусі такога няма. Хоць я часам бачу спробы з боку некаторых людзей. Але і кіраўнік дзяржавы, і ўрад трымаюць сітуацыю пад кантролем», – падкрэсліў мітрапаліт.

МЯ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў