Містычнае Палессе. Як у беларускай вёсцы адбыўся цуд


У гэтай вёсцы надзвычай ціха – на вуліцах не крычаць дзеці, не гамоняць маладзіцы ды амаль не ездзяць машыны. 72 гады таму ў паселішчы на ўскраіне Белавежскай пушчы адбылося незвычайнае здарэнне, над якім мясцовыя жыхары ламаюць галаву дагэтуль.

Партызанцкі край

Ад цішыні, якая пануе ў Ражкоўцы, здаецца, што птушкі тут спяваюць надзвычай гучна, а стромкія сосны гудуць ды патрэскваюць камлямі так моцна, нібы размаўляюць на нейкай таемнай мове. Цяпер у вёсцы жыве менш за 50 чалавек сталага веку, няма ні школы, ні крамы, ні пошты – прыязджае толькі аўталаўка і рэйсавы аўтобус два разы ў тыдзень. Большасць драўляных дамкоў на доўгай вясковай вуліцы пустуюць, а старой брукаванкаю ездзяць хіба што роварамі. Але перад ІІ сусветнай вайною жыццё ў Ражкоўцы квітнела – было каля 120 сем’яў, а вёска поўнілася дзіцячым смехам, узгадваюць мясцовыя старажылы.

Царква у Ражкоўцы

«У вайну тут быў партызанцкі край, – распавёў адзін з найстарэйшых жыхароў Ражкоўкі 80-гадовы спадар Віталь. – Удзень кіравалі немцы, а вечарам прыходзілі партызаны – разам з моладдзю рабілі вячоркі, спявалі, танцавалі, чыталі газеты. Людзі з Ражкоўкі дапагалі ім ежаю».

Часам нямецкія вайскоўцы падсылалі да вяскоўцаў правакатараў, узгадаў спадар Віталь, пераапранутых за партызанаў. Каб пазбегнуць такіх сітуацый, людзі клалі яйкі, сала, хлеб ды гародніну ў сябе дома на сталах ды не замыкалі дзверы – калі галодны, прыходзь і бяры.

Аднавясковец-здраднік і глыбокі дол

Адзін з вяскоўцаў, аднак, данёс захопнікам, што ў вёсцы часта дапамагаюць партызанам, распавёў 79-гадовы спадар Герасім. Летам 1942 года над Белавежскаю пушчаю мелі прызямліцца два савецкія парашутысты. Адзін з іх быў паранены і ім заапекаваліся ражкоўцы. Праз некаторы час парашутыст памёр, а ягоную магілу як доказ супрацы з савецкімі партызанамі паказаў немцам адзін з мужчынаў.

28 верасня а 4 гадзіне раніцы вёску пачалі акружаць немцы. Загадалі ўсім дарослым сабрацца на пляцы, дзяцей паадпраўлялі на вазах па суседніх вёсках, а моладзь забралі ў Белавежу, каб адтуль выслаць у Нямеччыну, узгадаў спадар Віталь.

Нехта з маладзейшых даведаўся, што людзей будуць расстрэльваць. Адна маладая кабеціна са страху аддала сваё немаўля бацькам, а сама назвалася незамужняй, каб выехаць у Нямеччыну і ўратаваць сабе жыццё. Людзі з іншых вёсак з белымі павязкамі на рукавах павыганялі гавяду з хлявоў. Нехта адважнейшы з ражкоўцаў таксама сабе зладзіў такую ж павязку і гэтак уцёк. З хатаў немцы пазагадвалі павыносіць усю маёмасць – куфры, посуд і вопратку. Пэўна, вёску меліся спаліць, адзначаюць ражкоўцы.

«Тут крычаць, бегаюць па хатах, шукаюць мужчынаў, каб выкапалі «ямку». Усе хаваліся, мой бацька схаваўся на даху пад саломаю, а суседзяў – аднаго і другога – забралі капаць ямку», – распавёў спадар Герасім.

Калісьці тут была школа

Злавесная «Ямка»

«Ямка» – гэтае слова пастаянна з’яўлялася ў мове вяскоўцаў: «Ці былі вы каля Ямкі?», «Дарога вядзе каля Ямкі…», «Трэба ехаць у бок Ямкі». Цяпер так называюць месца на краі паселішча з двума праваслаўнымі крыжымі. Тут у 1942 годзе немцы змусілі ражкоўцаў выкапаць шырокую і доўгую траншэю – на супольную магілу. Людзей парамі прыгналі на гэта злавеснае месца і паставілі ля «ямкі». З іншага боку рову стаялі кулямёты. «Кожны глядзеў назад, каб хутчэй забілі, каб доўга не мучацца», – расказаў спадар Віталь, бацькоў якога прыгналі ў той дзень на расстрэл.

Некаторыя з людзей плакалі, некаторыя маліліся… Раптам на дарозе прызямліўся невялічкі самалёт, з якога выйшаў высокі нямецкі маёр. «Не расстрэльвайце тых людзей», – звярнуўся ён да карнікаў. Тыя ж адказалі, што мусяць выканаць загад. «Дайце мне дзве гадзіны. Калі не прылячу праз гэты час, то расстрэльвайце», – сказаў маёр. Праз 2 гадзіны ён вярнуўся з дакументамі са штабу, у якіх значылася, што карная аперацыя ў Ражкоўцы адмененая. «Сказаў: вашая вёска свабодная. Тады адразу людзі падбеглі і пачалі яму ў ногі цалаваць», – прыгадаў аповеды бацькоў спадар Віталь. У вёску людзі вярталіся з песняю. Здарэнне, праўда, мела адну ахвяру – нямецкія жаўнеры расстралялі мужчыну, на данос якога распачалася карная аперацыя. Нямецкія афіцэры ў штабе палічылі яго правакатарам. Немцы самі дзівіліся гэтаму выпадку ды гаварылі, што гэта быў першы раз, калі асуджаных людзей вызвалілі. Чаму ж злітаваліся над ражкоўцамі?

Прыгожая жанчына ў небе і егер Герынга

У мясцовай праваслаўнай царкве ёсць адна асабалівасць – нехарактэрны для праваслаўнай традыцыі барэльеф Маці Божай з каталіцкім ружанцам. У блакітнай сукенцы, з пурпоровым каралеўскім плашчом на плячах Багародзіца туліць да грудзей малога сына. Унізе барэльефа стаіць дата – 28.9.1942. Гэтак выглядала жанчына, якая паказалася ў той дзень нямецкаму афіцэру ў небе, калі ён пралятаў у самалёце над Ражкоўкаю. Жанчыны паглядзела на яго, паказала пальцам на зямлю і паківала адмоўна галавою. Прызямліўшыся, нямецкі афіцэр пабачыў людзей, якія рыхтаваліся да смерці, і зразумеў, што ў небе пабачыў знак, каб іх уратаваць. Менавіта ён праз некаторы час прывёз у вёску драўляны барэльеф жанчыны з дзіцём, які зрабіў ягоны хворы сябра ў шпіталі. «Гэта Маці Божая, якая вас выратавала», – сказаў нямецкі афіцэр, перадаючы ў рукі ражкоўцаў выяву.

З гістарычных крыніцаў пазней стала вядома, што тым афіцэрам быў егер міністра нямецкай авіяцыі Германа Герынга 30-гадовы Мікалай Нэйман, які меў уладкаваць у Белавежскай пушчы ўзорную паляўнічую гаспадарку. У часе вайны ён яшчэ некалькі разоў наведваў Ражкоўку, паб аддаць пашану Маці Божай. Жыхары Ражкоўкі занеслі выяву Багародзіцы ў царкву, што немцы далі дазвол пабудаваць у вёсцы са старой леснічоўкі. Правіў богаслужэнні ў ёй святар з суседняй вёскі, якога адмыслова прывозілі нямецкія вайскоўцы.

«Бацюшка правіў службу, а жаўнеры стаялі на ўваходзе, пільнавалі, каб не прыйшлі партызаны», – расказаў спадар Герасім.

Маці Божая з Ражкоўкі

Чаму заступілася Багародзіца?

Ужо пасля распаду Савецкага Саюзу з барэльефа Маці Божай Ражкоўскай спісалі кананічную ікону, дзе ўжо не адлюстравалі ружанца. Штогод 28 верасня на ўспамін былога цуду ў вёсцы ладзяць вялікі фэст – на ўрачыстую службу прыязджае праваслаўны ўладыка з Берасця, шматлікія пілігрымы, аўтамі якіх застаўлены ўвесь пляц ля царквы. «Тады ідзе хросны ход з царквы да «Ямкі», усё надзвычай прыгожа, велічна, прыязджае спяваць вялікі хор, – з гонарам сказала царкоўная стараста спадарыня Яўгення. «Праўда, у звычайную нядзелю спяваюць толькі тры чалавекі», – дадала яна з сумам. Няма ў вёсцы і свайго святара – ён прыязджае адпраўляць набажэнствы з Камянца.

«Чаму ж Багародзіца выратавала вашую вёску?», – пытаемся ў вяскоўцаў. «Раней людзі былі пабожныя, пакорныя і справядлівыя. Яны вымалілі сабе ратунак», – лічыць спадарыня Яўгення. «Маці Божая выратавала людзей, бо яны былі невінаватыя. Ніхто нікуды не ўцякаў, нібы чулі, што іх вызваляць. Ну і вызвалілі…», – дадаў спадар Віталь.

«А ці цяпер адбываюцца цуды ў Ражкоўцы?», – пытаемся мы далей. «Людзей шмат прыязджае з малітвамі, але пра нейкія канкрэтныя цуды я не чула. Можа, і робіць Божая Маці, а мы проста не ведаем», – лічыць царкоўная стараста. Паводле яе найвялікшы цуд ужо адбыўся – калі Багародзіца заступілася за людзей, а ўсё астатняе – менш важнае ў параўнанні з людскімі жыццямі.

Некалі збаўленая ад знішчэння Ражкоўка, аднак, паволі памірае, як і тысячы іншых беларускіх вёсак. Ці ж здарыцца яшчэ адзін цуд, што адродзіць паселішча?

Віктар Шукеловіч, Якуб Бернат, belsat.eu

Стужка навінаў