Місія МВФ пачала працу ў Менску. Беларускія ўлады будуць дамагацца $ 3 мільярдаў крэдыту


Місія Міжнароднага валютнага фонду будзе працаваць з 21 да 30 чэрвеня і ацэніць цяперашнюю эканамічную палітыку. Па завяршэнні місіі эксперты падрыхтуюць справаздачу.

«У ходзе місіі адбудуцца сустрэчы з прадстаўнікамі ўраду, цэнтральнага банку, прыватнага сектару, навуковай супольнасці і прафесійных арганізацыяў», – цытуе БелаПАН прадстаўніцтва фонду ў Менску.

Беларускія ўлады ў сваю чаргу маюць намер абмеркаваць з прадстаўнікамі МВФ умовы заключэння новай крэдытнай праграмы на $ 3 мільярды пад 2,28 % гадавых тэрмінам на 10 гадоў. Пра гэта заяўляў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў 1 снежня 2015 году на нарадзе ў прэзідэнта.

Чытайце больш >>> Андрэй Кабякоў: зоймемся развіццём сярэдняга і малога бізнесу 

20 чэрвеня, выступаючы з публічнай лекцыяй, глава місіі МВФ Пітэр Долман адзначыў, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў рэцэсіі, на краіну пастаянна аказваюць уплыў «неспрыяльныя вонкавыя шокі», і для пераадолення цяжкіх часоў, МВФ рэкамендуе правесці шэраг рэформаў.

У 2009-2010 гадах Беларусь атрымала ад МВФ у рамках праграмы stand-by пяць траншаў крэдыту на агульную суму $ 3,46 мільярды.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў