Міс свету на вазку: «Мне вельмі даспадобы беларуская мова». Інтэрв'ю з Аляксандрай Чычыкавай


Аляксандра Чычыкава на «Белсаце» (фрагмент, размову цалкам глядзіце ніжэй)

Яна зрабіла тое, што дагэтуль не атрымалася ў ніводнай беларускі.

Аляксандра Чычыкава, якая выйграла конкурс Міс свету-2017 на вазку, наведала праграму «ПраСвет» на «Белсаце» і распавяла Аліне Коўшык што ёй не падабаецца ў Беларусі, чые правы яна плануе адстойваць і дзе хоча жыць а таксама як яна стала акторкаю «Свабоднага тэатру».

Аліна Коўшык: Саша, гэта выдатная навіна. Мы ўсе вельмі цешымся і шчыра цябе віншуем. Як змянілася твае жыццё ад таго моманту, як ты стала Міс Свету?

Аляксандра Чычыкава: Так, яно крыху змянілася. Ведаю, што калі вярнуся ў свой горад, яно зменіцца кардынальна. Мне пішуць вельмі шмат журналістаў, розныя тэлепраграмы запрашаюць на інтэрв’ю. Пакуль што гэта толькі паведамленні, на якія я адказваю. Але ведаю, толькі я перакрочу парог аэрапорту, жыццё перавернецца.

З аднаго боку тваё жыццё было звычайным, з другога – зусім не. Ты працавала ў гіпермаркеце, але і была акторкаю «Свабоднага тэатру». Гэта вельмі незвычайна.

І да конкурсу ў мяне было незвычайнае жыццё. Я вельмі актыўна паўсюль удзельнічала: і праца, і беларускі «Свабодны тэатр», і розныя імпрэзы. Але зараз маё жыццё будзе яшчэ больш актыўным. Крыху страшна, бо я хачу даць рады з гэтым усім, хачу дасягнуць сваіх мэтаў. Сёння я бачу, што мяне ўсе падтрымліваюць, таму думаю, што разам мы дамо рады.

Саша, ты цяпер хіба найлепшая візітоўка Беларусі ды амбасадарка нашай краіны. Што пра Беларусь ты можаш распавесці свету? Якую місію будзеш несці ты?

Дзякуючы гэтаму конкурсу, які мне нават цяжка назваць конкурсам, хутчэй гэта імпрэза, бо там не было спаборніцтва, я хачу несці ідэю, у тым ліку ў сваю краіну, пра тое, што мы маем роўныя магчымасці, што дзяўчына можа дасягаць пастаўленых мэтаў, можа рушыць наперад. Пасля вяртання я хачу прасоўваць правы жанчын. Хачу мець сям’ю, дзяцей і не баяцца, што калі ты народзіш дзіця, нехта скажа, маўляў, ты не ў стане выхоўваць яго сама, таму мы яго забіраем.

У Беларусі такая практыка ёсць?

Так, у нас былі выпадкі, калі лекары такое сцвярджалі, і бацькі пагаджаліся. Бо гэта сапраўды страшна, таму некаторыя бацькі пачынаюць сумнявацца і пагаджаюцца з рашэннем лекараў, бо хочуць лепшага для свайго дзіцяці. Але ж дзяржава можа пайсці на сустрач і дапамагчы, даць табе асістэнта. Але чаму ты мусіш змагацца за гэта, чаму дзяржава не робіць першы крок? Я хачу ісці ў гэтым кірунку. Хачу прасоўваць прыгажосць без межаў і права жанчын на розныя магчымасці.

Што ты адчула, пабываўшы на гэтым конкурсе? Там былі дзясяткі цудоўных, неверагодных дзяўчынаў, якія з розных прычынаў апынуліся на вазках. Ці ў вас завязалася нейкае сяброўства? Ці ты плануеш падарожнічаць далей па свеце?

З усімі дзеўчынамі ў нас былі вельмі добрыя стасункі, мы падтрымлівалі адна адну. Мне вельмі падабалася, калі нехта казаў, што разам мы моц, разам мы зменім свет. Падарожнічаць па свеце? Хутчэй не. Шмат хто з дзеўчын запрашаў мяне да сябе, але спачатку я хачу працаваць у сваёй краіне, а потым ужо пашыраць свае межы.

Ці ў цябе ёсць нейкая мара?

У мяне няма мары. Хутчэй я стаўлю перад сабой нейкую ажыццяўляльную мэту і іду да яе. Але я ніколі не іду па галовах, я абіраю больш добрыя шляхі – адкрытага сэрца, адкрытай усмешкі і праўды. Марыць – гэта не пра мяне.

То бок, ты – цвёрдая дзяўчына, якая дабіваецца таго, што запланавала. Саша, усё ж такі ты цяпер – візітоўка Беларусі. Наколькі блізкія табе беларуская мова, беларуская культура. Ці ты хочаш рэкламаваць нашую краіну?

Я вельмі люблю і сваю культуру, і сваю зямлю, і сваю краіну.

Мне вельмі даспадобы беларуская мова. Але я навучалася ў расейскамоўнай школе, а беларускай мовы не было вельмі шмат, таму беларуская ў мяне крыху кульгае. Я намагаюся падцягнуць яе да ўзроўню грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Я люблю зямлю, на якой я жыву, але сацыяльнае жыццё на ўзроўні адносінаў да людзей мне не вельмі падабаецца.

Мы ведаем, што ў Беларусі людзі з абмежаванымі магчымасцямі маюць сапраўды абмежаваныя магчымасці. Гэта не толькі інфраструктура, але і сацыяльнае жыццё.

Ці ты хацела бы змяніць працу? Дзе ты сапраўды спраўдзілася бы? Бо пасля такога вялікага посьпеху гіпермаркет – хіба гэта не тое месца, дзе ты можаш сябе рэалізаваць.

Мне вельмі падабаецца там, дзе я працую, бо там я выкарыстоўваю веды, набытыя ва ўніверсітэце. Мы займаемся працоўнай адаптацыяй людзей з інваліднасцю, таму я карыстаюся ведамі з псіхалогіі. Мне падабаецца тое, што я навучаю людзей, што я іх накіроўваю і паказваю, што нават калі ў цябе ёсць інваліднасць, ты можаш працаваць. Калі ты будзеш добра працаваць, то можаш пазней выйсці на адкрыты рынак працы. Там ты можаш атрымаць новую, больш прывабную для цябе працу. Таму я буду працягваць працаваць у тым самым месцы, але сумяшчаючы са сваёй іншай, новай дзейнасцю. Думаю, што дырэктар пойдзе мне насустрач і скажа – давай, дзейнічай.

Як ты стала акторкаю «Свабоднага тэатру»? Ці ты будзеш працягваць акторскую сцежку?

Так, я абавязкова буду працягваць займацца акторскім майстэрствам. Пачалося з таго, што два гады таму мы ладзілі акцыі разам з «Беларускім Свабодным тэатрам». На заканчэнне вырашылі паставіць спектакль.

Я ніколі не думала, што буду акторкаю. Але калі я пачала граць, я зразумела, што гэта тое, што мне падабаецца.

«Беларускі Свабодны тэатр» – не такі тэатр, дзе ўсё згодна з тэкстам і ты мусіш сцісла трымацца інструкцыяў. Там ты адкрываеш сябе. Ты паказваеш, што табе баліць, чаго ты хочаш, гэтым мяне і прывабіла. Таму я буду працягваць вучыцца, і спадзяюся, што ў будучыні стану паўнавартаснай акторкай гэтага тэатру.

Якую ролю ты хацела бы згуляць? А можа, пра нейкую ролю ты марыла з дзяцінства?

У дзяцінстве ніколі не думала, што я акторка. Я заўсёды ведала, што акторства – гэта не маё, таму не было такога, што я хачу згуляць нейкую ролю. Я хачу згуляць самую сябе, хачу паказваць тое, што мне баліць, што мяне цікавіць і тое, што мяне хвалюе.

Што бы ты хацела пажадаць нашым гледачам і глядачкам? Што бы ты ім сказала?

Я гэта казала і на імпрэзе, на якой мы былі разам з усімі дзяўчатамі. Хачу пажадаць людзям, каб яны змагаліся з тым, чаго баяцца. Тое, што вам не падабаецца, тое, што вас палохае трэба перамагчы. Калі вы пераможаце, вы будзеце ведаць, што магло бы адбыцца, і нічога страшнага, калі ў вас ёсць страх.

Інтэрвʼю выйшла ў выданні «ПраСвету» 13 кастрычніка.

Іншыя тэмы праграмы:

  • Ці паедзе Лукашэнка ў Брусель?
  • «Гэта верхавіна айсберга». Пра дэпартацыю расейскага агента ўплыву з Польшчы
  • Як Расея б’е па Украіне праз Еўропу?
  • Апошні іспанскі дэдлайн
Стужка навінаў