Міс свету на вазку Аляксандра Чычыкава распавяла, як яе не пусцілі ў бар на Зыбіцкай


Беларуску Аляксандру Чычыкаву, якая летась перамагла на конкурсу Міс свету на вазку, не пусцілі ў бар «Туманы» на вуліцы Зыбіцкая ў Менску. Пра гэта дзяўчына распавяла ў сваім Instagram. У «Туманах» у сваю чаргу belsat.eu заявілі, што іх бар наогул не разлічаны на людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Чычыкава прыйшла ў бар у кампаніі сяброў, аднак ахова заявіла, што дзяўчыну не пусцяць дзеля яе ж бяспекі – па-першае, бар знаходзіцца ў падвальным памяшканні, а, па-другое, там «шмат п’яных людзей». Менеджар бара заявіў, што гатовы прапусціць Міс свету толькі ў выпадку, калі яе сябры бяруць усю адказнасць на сябе.

«Мой сябар падняў мяне на рукі, іншы сябар узяў вазок. Першую частку прыступак мы прайшлі, глядзім – вазку і сябра няма. Паднімаемся зноў наверх. І вось што адбылося. Падымаючы вазок, а другой рукой адчыняючы дзверы (ахова нават не адчыніла дзверы, не прапанавала дапамогу – яны проста глядзелі) мой сябар паслізнуўся і ўпаў разам з вазком», – піша Чычыкава.

Пасля гэтага менеджар заявіў Чычыкавай, што яе сябар знаходзіцца ў нецвярозым выглядзе і праз яго нікога ў бар пусцяць.

«Наша краіна прыняла Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю, прыняла дакумент аб «17 мэтах устойлівага развіцця». Гэта грандыёзныя падзеі, аднак я сутыкаюся з тым, што мяне не пускаюць ва ўстановы дзеля маёй жа бяспекі. Я хачу адпачываць, наведваць розныя месцы, але, блін, гэта НЕ БЯСПЕЧНА!» – абураецца дзяўчына.

Карэспандэнт belsat.eu патэлефанаваў у «Туманы», менеджар якога патлумачыла, што бар наогул не разлічаны на людзей з абмежаванымі магчымасцямі:

«У нас няма спецыяльнага спуску. У нас высокія барныя стойкі і крутая лесвіца (бар знаходзіцца ў падвальным памяшканні). Побач на Зыбіцкай мы маем яшчэ адзін бар – Don Coffe’on – і калі б яна пайшла туды, то ніякіх праблемаў не ўзнікла б».

ІІ, belsat.eu

 

 

Стужка навінаў