Міраслаў Лазоўскі пра вызваленне: У мяне не было нават ключоў ад хаты!


Пасля вызвалення Міраслава Лазоўскага забралі ў Следчы камітэт, дзе вярнулі рэчы, а пасля на службовай машыне адвезлі дадому.

Ён расказаў журналістам пра свае першыя ўражанні на волі і планы на бліжэйшы час.

Пра свой статус

Я не павінен нікуды хадзіць і адзначацца, але павінен быць у межах дасягальнасці следчых органаў.

Пра затрыманне

Ехаў на аўтамабілі, спынілі, выцягнулі, пагрузілі ў іншую машыну, кайданкі, шапка і павезлі на вобшукі. Я не адчуваў за сабой ніякай віны, таму як я мог адчуваць, што мяне будуць браць.

Пра справу

Я даваў падпіску, што не буду распавядаць звесткі датычныя крымінальнай справы. Прынамсі да часу, пакуль не паразмаўляю з адвакатам, што ахоплівае гэтая падпіска.

Пра абвінавачванне

Ад пачатку была падрыхтоўка да масавых закалотаў, потым перакваліфікавалі на артыкул 28.7 – незаконнае ўзброенае фармаванне.

Ніякага ўзброенага фармавання мы не рабілі.

Цалкам верагодна, што тыя заняткі спортам, якімі мы займаліся, не цягнуць на ўзброенае фармаванне.

Пра вызваленне

Я не пытаўся, чаму сёння выпусцілі. Я быў вельмі рады, што мяне адпусцілі.

Пра стаўленне ў турме

Адвакату было цяжка прабіцца да мяне ў «амерыканку». Да мяне даходзіла шмат лістоў. Шмат лістоў ад незнаёмых людзей. Я вельмі ўдзячны ўсім за падтрымку.

Пра ўмовы ў турме

У «амерыканцы» быў у адзіночнай камеры. Пасля ў 3-асабовай камеры. На Валадарцы вялікія камеры і шмат людзей – 26. Калектыў заўсёды быў вялікі.

Чытаў шмат кніжак. У бібліятэцы КДБ ёсць, што пачытаць, я не сумаваў. Беларускіх кніг бракавала, некалькі кніг было. Фізкультурай займаліся.

Пра следства

Мяне з ніякімі матэрыяламі не пазнаёмілі, толькі аддалі рэчы. Я вызвалены пад падпіску. Абвінавачванне ва ўзброеным фармаванні застаецца.

Вызваліць вызвалілі, але паглядзім, спадзяюся, калі справа дойдзе да суда, і там скончыцца ўсё больш-менш аптымістычна. Што я магу сказаць, калі мяне з нараў, вярнулі рэчы і паставілі сюды. Няма чаго сказаць, трэба хаця б з адвакатам сустрэцца і даведацца, што яна думае.

Калі былі б не тое, што доказы, а хоць дробязная ўпэўненасць, што рыхтаваліся такія дзеянні, я б тут не стаяў.

Пра планы

Планы ажаніцца засталіся. Трэба запытацца ў Святланы, можа перадумала!

Трэба паразмаўляць з дырэктарам выдавецтва, калі ён гатовы мяне бачыць у шэрагах выдавецтва, то чаму б не вярнуцца.

Міраслаў Лазоўскі да затрымання працаваў памочнікам дырэктара выдавецтва «Кнігазбор». Быў адным з лідараў моладзевай патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён», якая дзейнічала ў 90-х гадах і спыніла існаванне ў 2000 годзе.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў