Мір і Нясвіж адрэстаўравалі, на замак у Горадні забыліся


Пасля закрыцця праграмы «Замкі Беларусі» працы ў Старым замку ў момант спыніліся.

Гарадзенскі Стары замак – ці не першае, што паказваюць турыстам у горадзе над Нёмнам, разам з Каложай і Фарным касцёлам. Усё ж такі адзіны каралеўскі замак у Беларусі: тут узводзіў сцены з чырвонай цэглы і каменю Вітаўт, адсюль на паляванні ды войны выязджаў Сцяпан Батура.

cam02927

Зараз жа выгляд замку інакш як скрушным назваць цяжка: абабітая тынкоўка, іржавая бляха на даху, папялішчы ды смецце на тэрыторыі, у куце двара – пад дажджом сумуюць старыя сячкарні, экспанаты для няздзейсненага музею сельскай гаспадаркі. «Савецкая Беларусь» нават знайшла метафару для замку: «дабротны барак».

cam02954

Як жа атрымалася, што каралеўскі замак, які фігураваў у праграме «Замкі Беларусі», разам з Мірам і Нясвіжам, апынуўся «за бортам» у стане руіны?

Грошы – на праект, а раскопкі ўжо на энтузіязме

Пачнем з таго, што запачаткаваная Паўлам Латушкам у 2012-м праграма «Замкі Беларусі», з вясны 2016-га гэтага году паспяхова спыніла сваё існаванне. Замкі ў Міры, Нясвіжы і Лідзе фінансаванне атрымаць паспелі ды з розным поспехам, але ўсё ж такі былі адноўленыя. На Стары Замак у Горадні грошы таксама вылучаліся: прыкладам, у другой палове 2014-га ўкладанні склалі 7 млрд недэнамінаваных рублёў.

cam02928

Цікава, што грошы збольшага пайшлі на падрыхтоўку праекту рэстаўрацыі. Нават археалагічныя даследаванні 2014–2015 гадоў праводзіліся фактычна на энтузіязме музейных супрацоўнікаў, без дадатковага падтрымання ды ўкладанняў. Пра пачатак будаўніцтва на тэрыторыі ўжо і гаворкі не ідзе.

cam02930

Зараз можна канстатаваць, што навуковы кіраўнік праекту Уладзімір Бачкоў звольнены з Гроднаграмадзянпраекту, куды ён быў наняты акурат для працы па замку, ды і сам ягоны праект выклікае нямала спрэчак. Прыкладам, гісторыкі так і не дамовіліся наконт колькасці паверхаў у вежах ды размяшчэння тых ці іншых будынкаў.

З трох аркадаў у «Казематах Батуры» засталіся толькі дзве

Разам з тым, замак імкліва разбураецца. У рамках падрыхтоўкі да рэстаўрацыі з уязной брамы была збітая тынкоўка, таму зіму, што надыходзіць, частка замкавых канструкцыяў можа перажыць са стратамі: ніхто не ведае як павядзе сябе цэгла з сумнеўным расшчэпам пад уздзеяннем вільгаці і маразоў. Як кажуць гісторыкі, зводы брамы выкладзеныя ўсяго ў адзін шыхт цэглы, таму канструкцыя можа пасыпацца ў любы момант.

cam02936

Калі брамная вежа стала праблемай толькі пасля пачатку «цьмянай» рэстаўрацыі, то «Казематы Батуры» павольна разбураюцца ўжо цягам добрых 30 гадоў, ад часу, калі былі адкрытыя археолагамі.

З трох аркадаў, выкладзеных з познасярэднявечнай цэглы-пальчаткі, захавалася толькі адна, і тая – з падпоркай. Абарончай канструкцыі з шыферу, якая хоць неяк ратавала руіны, няма з пачатку 2000-х гадоў. Затое побач поўна пустых шклянак ды смецця. Нічога дзіўнага, бо від з замкавай гары сапраўды выдатны.

cam02941

Атрымліваецца, што грошаў няма ня тое, што на пабудову чагосьці новага, але нават на кансервацыю старых элементаў?

«Нам прапануюць пачвару Франкенштэйна»

«Стан Старога замку – гэта абраза для ўсёй беларускай культуры, – лічыць гісторык Андрэй Чарнякевіч, – бо замак мае быць нашай візітоўкай, а не тым, чым ёсць цяпер. З іншага боку, тыя праекты, якія нам зараз прапануюць – гэта нават не сурагат, а «фантазія на тэму», пачвара Франкенштэйна».

Чарнякевіч сумняецца, ці патрэбная наогул гораду копія замку, прадугледжаная праектам Бачкова: рэканструкцыя на часы Сцяпана Батуры. Маўляў, значна лепш і танней захаваць тое, што ёсць: ад схаванай пад драўляным саркафагам Ніжняй царквы ХІІ ст. да муроў ХІХ ст., якія ўжо таксама маюць сваю гісторыю: там, прыкладам, трымалі пад вартай паўстанцаў 1863 году.

cam02951

Адначасна Чарнякевіч захапляецца самаахвярнай працай археолагаў: «Археолагі ў гэтым выпадку заслугоўваюць найвышэйшай пашаны. Гэта ўсё робіцца на энтузіязме! Калі ж да гэтага дакласці яшчэ грашовае фінансаванне, заробкі, умовы і г.д., вы ўбачыце зусім іншы прадукт, а не сізіфаву працу. З іншага боку мы бачым непрыхаваны цынізм уладаў, бо ўсе разумеюць, што далей за праект праца не пойдзе. На ратаванне замку рэсурсу не хопіць».

«Грошаў не было, няма і не будзе»

Гісторык архітэктуры Ігар Трусаў лічыць, што праграма «Замкі Беларусі» адразу ж, як была прынятая, не мела дастатковага фінансавання. На гарадзенскі замак грошаў тым больш не хапала, а калі яны з’яўляліся – іх хутка засвойвалі.

cam02953

Мясцовыя ўлады, у сваю чаргу, не выдаюць сродкаў на рэстаўрацыю аб’ектаў, бо з 1992 г. усе абласныя цэнтры не маюць такога радка ў бюджэце. А дагэтуль быў радок: «Рэстаўрацыя помнікаў архітэктуры», старшыня гарвыканкаму гэтымі грашыма распараджаўся.

«Я не бачу перспектываў, прынамсі, пакуль я жывы, а мне 60 год, хаця б завяршэння праектных працаў, – канстатуе Трусаў, – Прыпыненая ж праца не толькі па гарадзенскім замку, але і па ўсёй праграме «Замкі Беларусі». Грошаў не было ў мінулым годзе, няма ў гэтым, не будзе і ў наступным».

«Рэстаўраваць варта, але з папраўкай на 100-200 год»

Звяртае ўвагу гісторык і на тое, што ў праекце няма ані слова пра інтэр’еры замку на часы Сцяпана Батуры, іх кошт ды імаверную крыніцу паходжання.

cam02946

«Каробку ж можна пабудаваць, але трэба зрабіць усё і ўнутры, пачынаючы ад паркету, сканчаючы столямі і жырандолямі. Дзе гэта ўсё браць і за які кошт?» – разводзіць рукамі гісторык.

Наагул жа Трусаў лічыць, што яшчэ ў 1990-я варта было ўкладацца ў рэканструкцыю Новага замку, збудаванага ў XVIII ст. для правядзення соймаў Рэчы Паспалітай. Улічваючы, што ўкладанні былі б у разы меншыя, хаця б адзін з гарадзенскіх замкаў на сённяшні дзень быў бы ў гатовым выглядзе.

Калі ж брацца за Стары замак, паводле Трусава, то аднаўляць яго варта станам на XVII-XVIII стст. Па-першае, існуюць дакладныя «дрэздэнскія чарцяжы», якія яго апісваюць. Па-другое, гэта была б рэстаўрацыя з меншымі «купюрамі», хай вонкава, магчыма, замак і не быў бы такім шыкоўным.

АК

P.S. Трагікамізму сітуацыі дадае і перспектыва бязвізавага рэжыму для Гарадзеншчыны. У горадзе апынуцца тысячы польскіх турыстаў, для якіх Горадня – такая ж сталіца былых «Крэсаў», як Вільня або Львоў. Абавязковым пунктам для гасцей з Варшавы ды Кракава, канешне ж, стане Замак Батуры. Але якім яны яго ўбачаць: каралеўскай цвярдыняй або «добраўпарадкаваным баракам»?

Глядзі таксама
Каментары