Мінздраў пракаментаваў сітуацыю, калі вайсковая тэхніка не прапусціла «хуткую»


Начальнік аддзелу арганізацыі экстранай абароны пры надзвычайных сітуацыях Мінздраву Алег Панчук пракаментаваў рэзанансную сітуацыю на менскім скрыжаванні.

29 чэрвеня ў сацсетках апублікавалі відэа, на якім бачна, як на скрыжаванні вуліцы Сурганава з праспектам Незалежнасці машына хуткай дапамогі з уключанымі пробліскавымі маячкамі не можа праехаць з-за вайсковай тэхнікі, якая едзе па праспекце.

«Бываюць сітуацыі, калі хуткая дапамога едзе з уключанымі пробліскавымі маячкамі, але гэта не дае ёй перавагі», – адзначыў Алег Панчук.

Ён таксама ўдакладніў, што няма інфармацыі аб памерлых або пацярпелых з-за гэтага інцыдэнту:

«Калі б гэта адбылося, то пра гэта б ведалі ў нашым цэнтры экстранай дапамогі».

Алег Панчук называе гэты выпадак «жыццёвым».

Рашэнне аб тым, які маршрут для руху выбіраць і як ехаць, прымае брыгада хуткай дапамогі, якая абслугоўвае выклік пацыента. Аднак Панчук адзначыў, што ў Міністэрства аховы здароўя былі спробы пашырыць правы медыкаў у гэтай частцы:

«Мы выходзілі на МУС, але заканадаўча не змаглі прасунуцца, таму што ў гэтым выпадку ідуць парушэнні ўжо больш глабальныя. Калі на выклік выязджае міліцыя, то ў іх ёсць перавага – яны выязджаюць на злачынства. А у медыкаў ёсць магчымасці змены алгарытму, напрыклад, мы можам разгарнуцца (у неналежным месцы – заўв.). Але, на жаль, хуткая не можа змяніць месца прыёму выкліку і выклік не адмяняе праезд калоны – хуткая можа ісці туды, дзе праходзіць тэхніка. У гэтым выпадку, хутчэй за ўсё, выклік тэрытарыяльна ішоў з таго месца, дзе ехала калона, таму наш аўтамабіль там і апынуўся, а не таму, што кіроўца ведаў і не выканаў».

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення – начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Дзмітрый Кур’ян адзначыў, што перад правядзеннем трэніровак і параду інфармацыя пра час перакрыццця вуліц публікавалася ў медыях і кіроўцы, улічваючы гэтую інфармацыю, маглі загадзя запланаваць маршрут руху.

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by

Стужка навінаў