Мінпрацы: у Беларусі бракуе лекараў, медсёстраў і кіроўцаў


Аналіз попыту і прапановы па запатрабаваных у Беларусі прафесіях паказаў, што ў краіне бракуе незанятых медыкаў і кіроўцаў аўтатранспарту, перадае БелТА звесткі Міністэрства працы.

Найбольш запатрабаваныя цяпер медсёстры (2446 вакансіяў), дактары (2269) і кіроўцы аўто (2164). Але вакансіяў дактароў у 90 раз больш за афіцыйна беспрацоўных дактароў, а вакансіяў медсёстраў больш у 54,4 раза, кіроўцаў жа – у 3 разы.

Акрамя таго, ёсць попыт на фэльчараў-лабарантаў (вакансіяў больш за адпаведных беспрацоўных у 371 разоў), лекараў-ветэрынараў (у 126 разоў), заатэхнікаў (у 30,8 раза), педагогаў дадатковай адукацыі (у 12,1 раза), леснікоў (у 8,8 раза), швачак (у 8 раз), выхавальнікаў дашкольнай адукацыі (4,5 раза), каменшчыкаў (у 4,4 раза), бетоншчыкаў (у 4 раза) і іншых спецыялістаў.

Міністэрства аховы здароўя раней прызнавала пэўны дэфіцыт кадраў: у 2016 годзе медычныя ўстановы былі «ўкамплектаваныя» лекарамі толькі на 95,6% (пры тым, што колькасьць лекараў вырасла з 2010 году – з 39,2 тысячы да 48,2 тысячы), медыкамі сярэдніх пасадаў – на 97%.

Што датычыцца рэальнай колькасці беспрацоўных, то гэтыя лічба дзяржава або заніжае, або агучвае вельмі рэдка. У лютым была названая лічба ў 260 тысяч чалавек, што ў 7,365 разоў больш за 35,3 тысячы афіцыйна зарэгістраваных на той момант.

Паводле Мінпрацы, афіцыйна беспрацоўныя грамадзяне часцей за ўсё звяртаюцца ў банк вакансіяў за працай, якая не патрабуе кваліфікацыі: на адну вакансію прыбіральшчыка прыходзіцца 4,4 беспрацоўнага, на дворніка – 4,3, на грузчыка – 3, на падсобнага рабочага – 2,5 і гэтак далей.

Вакансіяў зусім няма для 22 матросаў-ратаўнікоў, 9 збіральнікаў крэслаў, 7 біёлягаў, 7 кантралёраў энергазберагальных установаў, 7 здымшчыкаў-укладчыкаў і 4 пашпартыстаў.

Агулам жа са студзеня па лістапад бягучага года ў банк вакансіяў беларусы звярталіся больш за 10 мільёнаў разоў.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары