Мінпрацы прапануе прыбраць кляймо «дармаеда» з маладых спецыялістаў ды жонак вайскоўцаў


Ведамства разаслала праект паправак да дэкрэту № 3 у мясцовыя органы ўлады. 

Праект прадугледжвае, што дармаедамі не будуць лічыцца тыя, хто знаходзіўся на псіханеўралагічным дыспансерным уліку, студэнты дзённай формы навучання, асобы, якія вучыліся на курсах.

Ад збору таксама прапануюць вызваліць «сямейныя пары вайскоўцаў, якія служаць па кантракце, ды сямейныя пары маладых спецыялістаў, што прыехалі па размеркаванню» ў мясцовасць, дзе адсутнічае магчымасць працаўладкавацца.

Дэдармаедызацыя чакае тых, хто валодае зямельным участкам незалежна ад яго мэтавага прызначэння і месцазнаходжання. Выключэнне зробяць толькі для жыхароў абласных цэнтраў і сталіцы. Нагадаем, што цяпер ад падатку вызваляюцца толькі жыхары вёсак і гарадскіх пасёлкаў, якія валодаюць зямельнымі ўчасткамі для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі.

Чыноўнікі прапануюць зняць статус дармаеда з беларусаў, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржрасходаў у каляндарным годзе, але ў наступным годзе, калі трэба выплачваць збор, атрымалі інваліднасць (незалежна ад групы, прычыны, даты і тэрміну інваліднасці ў гэтым годзе), былі прызнаныя недзеяздольнымі, праходзілі вайсковую або альтэрнатыўную службу, былі прынятыя на псіханеўралагічны дыспансерны ўлік, выйшлі на пенсію, нарадзілі дзіця або даглядалі за дзіцём-інвалідам да 18 гадоў, інвалідам першай групы або пенсіянерам старэйшым за 80 гадоў.

«Усталяваны заканадаўствам тэрмін выплаты збору, пеняў можа быць зменены ў форме адтэрміноўкі з аднаразовай выплатай сумы, растэрміноўкі з паэтапнай выплатай сумы, адтэрміноўкі па выплаце запазычанасці па зборы, пені з наступнай растэрміноўкай яе пагашэння», – гаворыцца ў праекце паправак.

Аплачаны за 2015 год падатак дзяржава верне толькі пасля 1 лістапада.

«Ад выплаты збору за 2015 год вызваляюцца грамадзяне, якія прызнаюцца плацельшчыкамі збору ў гэтым годзе», – адзначаецца ў праекце зменаў.

«Грамадзяне, выплацілі збор за 2015 год, маюць права на вяртанне сум заплачанага збору (па іхнай заяве) пры ўмове, калі яны не прызнаюцца плацельшчыкамі збору за 2016 год. Вяртанне ажыццяўляецца падатковымі органамі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, пасля 1 лістапада 2017 года».

Сабраны падатак накіруюць «на фінансаванне мерапрыемстваў, звязаных з падтрымкаю (сацыяльнай абаронай) дзяцей».

«Захад праглыне». Усаў пра рэакцыю ЕЗ на вынікі пратэстаў супраць дэкрэту № 3

ЮВ, belsat.eu, паводле tut.by

Стужка навінаў