Мінкульт не хоча супрацоўнічаць з «Арт Сядзібай», каб пашыраць беларускую культуру


Міністэрства культуры Беларусі адмовілася супрацоўнічаць у рэалізацыі шэрагу праектаў з некамерцыйнай арганізацыяй «Арт Сядзіба», якая папулярызуе нацыянальную культуру. Пра гэта на форуме «Арт Сядзібы» 18 сакавіка ў Менску паведаміў кіраўнік арганізацыі Павел Белавус.

Паводле яго слоў, раней сябры «Арт Сядзібы» звярнуліся ў Міністэрства культуры з прапановай абʼяднаць намаганні, каб правесці ў межах Года культуры такія імпрэзы, як «Дзень вышыванкі», «Свята роднай мовы», «Спеўны сход», якія раней арганізацыя праводзіла самастойна, піша БелаПАН.

«Сёння нам адказала намеснік міністра культуры Ірына Дрыга. Фактычна адказала, што ў міністэрства запланаваныя свае імпрэзы і мы ім не падыходзім», – адзначыў Белавус.

Сёлета ў канцы студзеня Савет міністраў пастановай № 51 зацвердзіў план імпрэзаў, прымеркаваных да Года культуры. Да дакументу, які быў апублікаваны на сайце ўраду, прыкладаўся спіс імпрэзаў, сярод якіх ёсць »Дзень вышыванкі». Выканаўцамі праекту «Дня вышыванкі», які запланавана правесці летам, пазначаны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Менгарвыканкам.

У той жа час «Дзень вышыванкі» – гэта фестываль, канцэпцыю і фармат якога распрацаваў каардынатар «Арт Сядзібы» Мікіта Броўка. Першыя дзве імпрэзы прайшлі ў кастрычніку і снежні 2014 года ў Менску пад эгідай «Арт Сядзібы» і Асамблеі недзяржаўных арганізацыяў.

Раней прадстаўнікі «Арт Сядзібы» адзначалі, што ніхто з дзяржаўных органаў або рэспубліканскіх грамадскіх абʼяднанняў не звяртаўся да «Арт Сядзібы» як ініцыятара «Дня вышыванкі» у Беларусі з прапановай разам правесці гэтую імпрэзу.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў