Міністрам працы і сацыяльнай абароны Беларусі стаў нарадзінец Горадні, які працаваў у Магілёве


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызначыў Валерыя Малашку міністрам працы і сацыяльнай абароны.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што адпаведнае кадравае рашэнне прымалася пасля стараннага аналізу цэлага шэрагу кандыдатур. Выбар на карысць Валерыя Малашкі быў зроблены ў тым ліку таму, што ён у большай ступені бачыць тыя ці іншыя праблемы і недахопы на нізавым узроўні, штодня з імі працуе, інфармуе дзяржаўнае агенцтва БелТА.

«Гэтае міністэрства мусіць узначаліць сурʼёзнае ўдасканаленне ўсіх напрамкаў дзейнасці. У нас самая вялікая праблема тут – незадаволенасць людзей па пэўных пытаннях», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Лідар краіны ў прыватнасці звярнуў увагу на такія пытанні, як узровень заработнай платы, удасканаленне пенсійнай сістэмы і іншыя сацыяльныя рашэнні.

«Усё павінна быць прапрацавана ў вас. І ўсё, што мы там будзем прапрацоўваць, трэба зазямліць», – сказаў Лукашэнка.

Да цяперашняга часу Валерый Малашка працаваў намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкаму.

З 2009 года міністрам працы і сацыяльнай абароны была Марыяна Шчоткіна. Яна праславілася сваймі спрэчнымі выказваннямі, адно з якіх: «Мы паглядзелі, што амаль 93 % беларусаў працуюць толькі на адной працы, а гэта і мужчыны. Але калі мама займаецца ўдома дзецьмі, дык хай тата «пакруціцца».

Сёлета Марыяна Шчоткіна стала намесніцаю старшыні верхняй палаты парламенту.

Біяграфія:

Валерый Малашка нарадзіўся ў 1966 годзе ў Горадні. Скончыў у 1989 годзе Менскі дзяржаўны медычны інстытут, у 2007 годзе – Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. З 1989 года працаваў лекарам-інтэрнам па анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Магілёўскай абласной лякарні, з 1990 па 1993 год – лекарам-анестэзіёлагам-рэаніматолагам Магілёўскай абласной дзіцячай лякарні.

З 1993 па 1997 год – намеснік галоўнага лекара па лячэбных пытаннях Магілёўскай абласной дзіцячай лякарні. У 1997-2004 гадах займаў пасаду галоўнага лекара Магілёўскай абласной дзіцячай лякарні.

З 2004 года быў першым намеснікам начальніка ўпраўлення аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкаму. З 2005 па 2009 год – начальнік упраўлення аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкаму. З 2009 года да гэтага часу працаваў намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкаму.

МЯ, паводле belta.by

Стужка навінаў