Міністр замежных спраў Польшчы не дамовіўся з Макеем наконт акрэдытацыі «Белсату»?


Сустрэча праходзіла у менскім гатэлі «Вікторыя-2». Перад яе пачаткам Вітальд Вашчыкоўскі адказаў на пытанні прэсы.

«Мы размаўлялі пра правы чалавека, пра тое, што медыі служаць свабодзе і яны не могуць выкарыстоўвацца палітыкамі», – сказаў Вашчыкоўскі пра сустрэчу з Макеем, адказваючы на пытанне пра верагоднасць акрэдытацыі «Белсату».

Паводле tut.by, сыходзячы ад журналістаў, на ўдакладняючае пытанне, ці атрымалася дасягнуць дамоўленасці наконт «Белсату», польскі міністр адказаў толькі: «Не».

Глядзіце яшчэ >>> Міністр замежных справаў Польшчы ў Курапатах: абодва нашыя народы былі ахвярамі адной імперыі

На пытанне пра лібералізацыю ў Беларусі кіраўнік польскай дыпламатыі адказаў, што не хацеў бы каментаваць унутраную палітыку Беларусі: «Мы ўражлівыя на кожную крыўду і парушэнне правоў. Якой будзе будучыня Беларусі, залежыць ад беларускага народу».

З Уладзімірам Макеем польскі міністр абмяркоўваў тэму Саюзу палякаў на Беларусі.

«Гэта была доўгая размова. Мы размаўлялі таксама пра тое, што будзем размаўляць такім чынам, каб пакуль захаваць гэтае пытанне. Так, каб яно не давала лішніх надзеяў, калі мы не зможам яе вырашыць, бо хочам спачатку пачаць гэтыя размовы з удзелам прафесіяналаў, прадстаўнікоў нашых міністэрстваў, каб яны маглі выпрацаваць механізм станоўчага рашэння».

Глядзіце яшчэ >>> Польшча прапануе спосабы, як спрасціць атрыманне візаў для беларусаў

У канцы свайго візіту ў Беларусь міністр наведае Ваўкавыск. Тут нарадзілася маці Вітальда Вашчыкоўскага, але пасля ІІ сусветнай яе сямʼя зʼехала ў Польшчу.

ДР, ХМ, belsat.eu

Стужка навінаў