Міністр сельскай гаспадаркі: «Беларускіх вытворцаў выбіваюць з расейскага рынка»


Паводле Леаніда Зайца, Беларусь пастаўляе прадукцыю ў 58 краінаў, а прэтэнзіі па якасці чуе толькі ад Расеі.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц заявіў, што ў Расеі, імаверна, ёсць структуры, якія «выбіваюць беларускія прадпрыемствы з рынку».

«Яны спрабуюць сёння абмежаваць доступ нашай прадукцыі на расейскі рынак, і такім чынам, напэўна, уплываюць на Рассельгаснагляд», – заявіў Заяц.

«З іншых краін нам не паступала ніякіх прэтэнзіяў і рэкламацыяў па якасці», – заўважыў ён, нагадаўшы, што Беларусь пастаўляе сваё харчаванне ў 58 краін свету.

На сёння, паводле міністра, Рассельгаснагляд увёў абмежаванні на пастаўкі ў Расею для 2-х птушкафабрык, 11-і малочных і 7-і мясных прадпрыемстваў з Беларусі.

«Буйныя беларускія гульцы проста выбіваюцца з расейскага рынку», – кажа міністр.

Пра закрыццё расейскага рынку для беларускіх вытворцаў у эфіры «Белсату» заяўляў таксама эканаміст Леанід Заіка. Эксперт лічыць, што паступова «нон грата» у Расеі стануць усе беларускія харчы.

Расея стала на шлях самазабеспячэння: нядаўна яна закрыла ўласныя патрэбы ў мясе бройлераў і свініне, зараз будуць закрываць па ялавічыне – беларускія харчы там не патрэбныя, – заявіў Заіка.

Паводле міністра Леаніда Зайца, беларускія прадпрыемствы губляюць рынак без аніякіх падставаў: гэтак, Шчучынскаму масласырзаводу забаранілі пастаўкі ў Расею на падставе таго, што ў ягоным сыры выявілі раслінны алей і лістэрыі.

«Калі пачалі разбірацца, высветлілася, што гэты прадукт сфальсіфікаваны», – распавёў міністр, дадаўшы, што расейская паліцыя адмовіла ва ўзбуджэнні паводле гэтага факту крымінальнай справы.

ДД

Стужка навінаў