Міністр культуры хоча забраць у будынка статус каштоўнасці, каб яго можна было знесці


Будынак былой абласной дзіцячай лякарні 30-х гадоў XX стагоддзя па вуліцы Броўкі, 5 у Менску. Фота – Павел Кавалёў

Будынак былой дзіцячай абласной больніцы па вуліцы Броўкі, 5 могуць прыбраць са спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Паводле Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, навукова-метадычная рада па ахове помнікаў культуры атрымала даручэнне ад міністра культуры Юрыя Бондара прагаласаваць за пазбаўленне будынкі больніцы статуса.

«Гэта будынак 1930-х гадоў са сваім асаблівым стылем. Ён пустуе з 2004 года і цяпер пад маркай таго, што ён у кепскім стане, яго плануюць вывесці са спісу каштоўнасцяў і пабудаваць замест яго новы жылы дом. Што было з першай электрастанцыяй мы ведаем. Сцэнарый можа паўтарыцца і тут», – напісаў у «Фэйсбуку» менскі экскурсавод і старэйшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музею Янкі Купалы Павел Каралёў.

Будынак першай менскай электрастанцыі паміж набярэжнай Свіслачы і цыркам праіснаваў у Менску 116 гадоў, яго разбурылі ў 2011, калі будавалі гатэль «Кемпінскі».

Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры падрыхтавала запыты на імя кіраўніка дзяржавы і ў генпракуратуру з просьбай праверыць законнасць памкненняў Савета міністраў і, у прыватнасці, міністра культуры.

«Адной рукой у нас змагаюцца з карупцыяй, а другой ствараюць па-за межамі заканадаўства спрыяльныя ўмовы для прыватнага інвестара», – піша старшыня таварыстава Антон Астаповіч.

На спробы чыноўнікаў знішчаць гістарычныя помнікі дзеля інтарэсаў інвестараў грамадскае аб’яднанне заклікае звяртацца ў кантрольныя і наглядныя дзяржорганы.

ДД

Глядзі таксама
Каментары