Міністр інфармацыя лічыць, што за несанкцыянаваныя стрымы ў Фэйсбуку трэба караць


Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч лічыць, што стрым у Фэйсбуку варта лічыць «незаконным вырабам прадукцыі СМІ» (ч. 2. арт. 22.9 КоАП), хоць у заканадаўстве гэта канкрэтна і не прапісана.

«Я асабіста падтрымліваю гэтую пазіцыю МУС, але лічу, што ў заканадаўчай базе гэта павінна быць больш ясна прагаворана ― тут патрэбная больш сур’ёзная распрацоўка», ― заявіў міністр інфармацыі, паведамляе «Еўрарадыё».

Нагадаем, апошнім часам было зафіксавана некалькі выпадкаў, калі журналістаў прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці за стрым у сацыяльнай сетцы Facebook.

17 красавіка журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі, атрымаў па пошце пратакол за нібыта «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ». Праваахоўныя органы распачалі адміністратыўную справу за стрым, які Кастусь Жукоўскі ладзіў на прыватным акаўнце ў Фэйсбуку. Ён здымаў на відэа, як два міліцыянты праніклі на падворак грамадскага актывіста Барыса Анікеева. Пры гэтым ніякіх пацверджаных дакументальна падставаў на знаходжанне ў доме Анікеева супрацоўнікі МУС не мелі.

Раней, 2 красавіка, суддзя Вікторыя Шабуня прысудзіла белсатаўцаў Ганну Аземшу і Аляксандра Баразенку да 50 базавых велічыняў (1225 рублёў) штрафу кожнаму за стрым, які яны вялі ад будынку Цэнтральнага РУУС і транслявалі са старонцы Баразенкі ў Фэйсбуку (потым відэа было размешчана на belsat.eu).

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў