Міністр інфармацыі: У «час Ч» медыі мусяць працаваць на краіну, а не супраць яе


У час «Ч» усе медыі – і дзяржаўныя, і недзяржаўныя – мусяць працаваць на краіну, а не супраць яе. У адваротным выпадку, папярэдзіла міністр інфармацыі Лілія Ананіч, сродкам масавай інфармацыі будуць выносіць два папярэджанні адразу (паводле дзейнага заканадаўства за два папярэджанні цягам аднаго года СМІ могуць закрыць).

Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч сустрэлася 20 снежня з кіраўнікамі недзяржаўных медыяў. Сярод запрошаных на сустрэчу былі прадстаўнікі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, газетаў «Народная воля», «Наша ніва», «Белорусы и рынок», «Комсомольская правда в Белоруссии», «Аргументы и факты», агенцтваў «Интерфакс» и «Россия сегодня», парталу Tut.by, інтэрнэт-выдання «Ежедневник», падае belprauda.org.

«Тэмай сустрэчы стала асвятленне недзяржаўнымі медыямі сітуацыі на валютным рынку, якое, на думку Міністэрства інфармацыі, нагнятае паніку ў беларускім грамадстве і ідзе насуперак з інтарэсамі дзяржавы, паведамляе БелаПАН.

Шэф-рэдактар «Нашай нівы» Андрэй Дынько адзначыў радыё «Свабода»:

«Нас сабралі, каб растлумачыць сітуацыю ў фінансавай сферы. Міністр Ананіч распавяла, як дзяржава бачыць гэтую сітуацыю, запэўніла, што на стужцы дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА будзе з’яўляцца вычарпальная інфармацыя пра сітуацыю ў фінансавай сферы. Нас таксама запэўнілі, што мы будзем атрымліваць поўную інфармацыю ад прадстаўнікоў ураду, Нацыянальнага банку, Міністэрства фінансаў».

Запрошаныя на сустрэчу прадстаўнікі медыяў, у сваю чаргу, уздымалі праблемы недаступнасці чыноўнікаў для журналістаў, адсутнасці аператыўнай афіцыйнай інфармацыі па актуальных пытаннях, напрыклад, пра сітуацыю на валютным рынку ў пятніцу 19 снежня, няроўныя адносіны ўладаў да дзяржаўных і недзяржаўных медыяў.

Міністр паабяцала прыслухацца да іх меркавання.

МЯ, belsat.eu, паводле belprauda.org, БелаПАН, svaboda.org

Стужка навінаў