Міністр фінансаў Грэцыі заявіў, што сыходзіць у адстаўку


Міністр фінансаў Грэцыі Яніс Варуфакіс абвясціў, што сыходзіць у адстаўку.

Паводле ягоных словаў, такое патрабаванне вылучылі некаторыя з прадстаўнікоў Еўрагрупы на перамовах у справе грэцкага пазыковага крызісу. Прэм’ер-міністр Грэцыі Алексіс Цыпрас лічыць, што адстаўка міністра фінансаў патэнцыйна дапаможа краіне дасягнуць дамоўленасці з крэдыторамі.

Яніс Варуфакіс напярэдадні рэферэндуму аб аказанні міжнароднай дапамогі абвінаваціў крэдытораў Афінаў у «тэрарызме».

У інтэрвю іспанскай газеце «El Mundo» ён сказаў, што крэдыторы, якія давалі Грэцыі грошы, хочуць «усяліць у людзей страх», падае Бі-Бі-Сі.

Грэкі на рэферэндуме ў нядзелю 5-га ліпеня прагаласавалі супраць прапаноў, вылучаных раней міжнароднымі крэдыторамі аб аказанні фінансавай дапамогі краіне.

Крэдыторы дамагаліся ад Афінаў павышэння падаткаў і скарачэння сацыяльных выплат і дапамогі. На думку міжнародных арганізацыяў, гэта дало б Грэцыі магчымасць выканаць свае фінансавыя абавязкі.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў