Міністр фінансаў Грэцыі Варуфакіс паказаў Нямеччыне сярэдні палец


Нямецкі канал ARD прадэманстраваў відэа, на якім цяперашні міністр фінансаў Грэцыі заяўляе, што ягоная краіна павінна абвесціць дэфолт, «паказаць палец Нямеччыне і сказаць: ну, цяпер вы можаце вырашыць гэтую праблему самастойна».

Яніс Варуфакіс ужо заявіў, што відэа – фальшывае. Паводле ж ARD, гэта аўтэнтычны відэазапіс, зроблены ў 2013 годзе падчас выступлення Варуфакіса ў Заграбе. У тыя часы, аднак, ён не займаў пасады міністра.

Разважаючы пра наступствы эканамічнага крызісу ў 2010 годзе, Варуфакіс прыходзіць да высновы, што Грэцыя мусіла абвесціць дэфолт, нават не выходзячы з зоны еўра.

Яніс Варуфакіс, які з’яўляецца чальцом левай партыі СІРІЗА, не аднаразова рэзка выказваўся на адрас Нямеччыны і ўступаў у вострыя завочныя спрэчкі са сваім нямецкім калегам Вольфгангам Шойбле. Дзейны міністр фінансаў Грэцыі, як і новы ўрад гэтай краіны, выступае супраць рэжыму жорсткай эканоміі, які з’яўляецца ўмоваю для атрымання еўрапейскай грашовай дапамогі.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў