Міністр энергетыкі: Беларусь нічога на павінная «Газпраму». Будзем разбірацца ў судзе


Падчас магілёўскага паседжання Рады міністраў Саюзнай дзяржавы быў названы «справядлівы кошт» расейскага газу для Беларусі.

«Сёння рынкавы роўнадаходны кошт, па нашых падліках, складае $ 73 за 1000 кубаметраў», – адзначыў Уладзімір Патупчык. Сёння кошт газу для Беларусі складае $ 142 за 1000 кубаметраў, нагадвае ТАСС.

Патупчык падкрэсліў, што беларускі бок «кажа не пра зніжку (на газ), а пра рынкавыя роўнадаходныя кошты».

«Сёння кошт для Нямеччыны і Украіны за мінусам мыты значна меншы, чымся для Беларусі», – адзначыў міністр энергетыкі Беларусі. Таму, паводле яго, «у нас ёсць усе прававыя падставы настойваць на выкананні ў комплексе міжурадавага пагаднення (па газе)».

У красавіку прэмʼер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў казаў, што лічыць $ 80 за 1000 кубаметраў справядлівым коштам за расейскі газ.

Глядзіце таксама >>> Мядзведзеў, Кабякоў і Пагоня

Нагадаем, што 12 траўня, кіраўнік Міністэрства энергетыкі Расеі Аляксандр Новак заявіў, што доўг Беларусі за газ дасягнуў ужо $ 125 млн і працягвае павялічвацца. У сваю чаргу, Уладзімір Патупчык адзначыў, што Беларусь не прызнае доўг перад расейскай дзяржкарпарацыяй «Газпрам».

«Няма ніякага доўгу. Беларусь плаціць у адпаведнасці з дамовамі. Вось у судзе і будзем разбірацца з гэтым пытаннем», – сказаў Патупчык.

Пазоў аб прызнанні запазычанасці і яе спагнанні у Арбітражны суд пры Беларускай гандлёва-прамысловай палаце падаў «Газпрам».

ЮВ, belsat.eu, паводоле ej.by

Стужка навінаў