Міністр эканомікі распавёў, калі беларусы атрымаюць «па $ 500»


Заробак у 1000 рублёў будзе тады, калі прадукцыйнасць працы будзе апярэджваць рост аплаты працы. Пра гэта міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі распавёў у інтэрв’ю тэлеканалу АНТ. Ён удакладніў, што ані Лукашэнка ані ўрад не ставяць мэту любой цаной дасягнуць сярэдняга заробку ў 1000 рублёў.

«Я проста вам хачу сказаць, што ніколі любымі шляхамі ні ўрад, ні тым больш прэзідэнт не ставілі такой задачы. На канкрэтных прадпрыемствах павінна ўсё ж прадукцыйнасць працы апярэджваць рост заработнай платы, тады атрымаецца добры баланс, тады будзе расці заработная плата», – сказаў міністр.

Паводле чыноўніка «трэба разумець, што мадэрнізаванае прадпрыемства павінна заплаціць пазыкі, якія яно ўзяло на мадэрнізацыю, то бок скарачэнне знешніх даўгоў і павышэнне зарплаты – гэта тое, куды пойдуць дадатковыя сродкі».

Беларусы рэгулярна шмат гадоў запар чуюць абяцанне кіраўніка краіны пра $ 500 (1000 рублёў). Упершыню «па $ 500» Лукашэнка паабяцаў 14 гадоў таму.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў