Палітычны крызіс, што ўзнік у сувязі з правядзеннем рэферэндуму аб незалежнасці Каталунні, абышоўся іспанскай казне ў 1 млрд еўраў.
Пра гэта заявіў міністр эканомікі Іспаніі Луіс дэ Гіндос у інтэрв’ю іспанскаму радыё.
Паводле яго, страты абумоўленыя запавольваннем эканомікі рэгіёну, якое ўзнікла пасля правядзення не санкцыянаванага цэнтральнымі ўладамі рэферэндуму 1 кастрычніка 2017 году.
У леташнім снежні, напярэдадні правядзення ў Каталунні рэгіянальных выбараў, улады ў Мадрыдзе папярэджвалі пра эканамічныя страты, якія можа нанесці кампанія па аддзяленні рэгіёну. Аднак апублікаваныя 1 студзеня міністрам лічбы пераўзыходзіць нават самыя песімістычныя ацэнкі. Паводле Луіса дэ Гіндоса, у чацвёртым квартале рост эканомікі Каталунні запаволіўся з 0,9 % да 0,4 %.
«Раней эканамічны рост у Каталунні быў вышэйшы, чым у Іспаніі ў цэлым; яна была адным з лакаматываў іспанскай эканомікі. Аднак у чацвёртым квартале яна ператварылася ў цяжар», – сказаў ён у радыёінтэрв’ю.
Замест таго каб вырашыць крызіс, снежаньскія выбары, наадварот, прадэманстравалі прыкладную роўнасць сілаў прыхільнікаў і праціўнікаў незалежнасці рэгіёну, што толькі дае глебу для далейшай канфрантацыі.
Сепаратысты атрымалі 70 з 135 парламенцкіх месцаў, што дазваляе ім сфармаваць новую адміністрацыю, аднак найбуйнейшая юніянісцкі фракцыя «Грамадзяне» (Ciudadanos), якая набрала 25% галасоў (або 36 мандатаў), указвае на несправядлівасці электаральнага заканадаўства, якое дае магчымасць сепаратыстам, якія атрымліваюць парламенцкія галасы ў маланаселеных пунктах, вырвацца наперад.
Глядзіце таксама:
НМ, belsat.eu, паводле BBC Russian