Міністр эканамічнага развіцця Расеі: шэрыя пастаўкі праз Беларусь трэба скарачаць


Спыніць паток забароненых тавараў з Беларусі ў Расею цалкам не атрымаецца, а зменшыць у некалькі разоў можна, заявіў у інтэрвю тэлеканалу «Россия 24» міністр эканамічнага развіцця РФ.

«Мы спадзяемся, што аб’ём шэрага імпарту – нелегальнага, незаконнага будзе скарачацца», – цытуе расейскага міністра tass.ru.

Нагадаем, што 24 ліпеня, кіраўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі Аляксандр Ткачоў папрасіў Уладзіміра Пуціна дазволіць знішчаць на мяжы забароненую прадукцыю, якая трапіла пад эмбарга. Кіраўнік дзяржавы пагадзіўся з ідэяй. Прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў таксама падтрымаў гэтую прапанову.

Член расейскай Рады па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека Яўген Баброў назваў у інтэрвю радыёстанцыі «Говорит Москва» прапанову кіраўніка Міністэрства сельскай гаспадаркі «самадурствам». Паводле яго, калі ўжо санкцыйныя прадукты трапілі на тэрыторыю Расеі, іх трэба аддаваць бедным і ўцекачам з Украіны.

23 ліпеня, віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзь Дварковіч паведаміў, што падчас увозу прадуктаў харчавання ў Расею зафіксавана каля 800 выпадкаў парушэння эмбарга.

У чэрвені Масква працягнула дзеянне харчовага эмбарга да 6 жніўня 2016 г. у дачыненні да ЗША, Аўстраліі, Канады, Нарвегіі і краінаў ЕЗ.

Чытайце таксама >>> Беларускія патокі шэрага імпарту

ЮВ, belsat.eu паводле tass.ru

Стужка навінаў