Міністр БНР, расстраляны паэт і палкоўнік МГБ. Менгарсавет зацвердзіў назвы новых вуліцаў


Менгарсавет рашэннем ад 29 траўня зацвердзіў назвы новых менскіх вуліцаў і паркаў.

Гэтак праектуемая вуліца ад вуліцы Янкі Лучыны да вуліцы Чыжэўскіх атрымае імя беларускага палітыка, вучонага і публіцыста Аркадзя Смоліча. Смоліч быў адным з ініцыятараў абвяшчэння БНР, займаў пасаду намесніка старшыні ўраду Антона Луцкевіча і міністра сельскай гаспадаркі. У 1938 годзе Смоліч быў расстраляны НКВД.

Праектуемая вуліца ад Ігуменскага тракту атрымае імя беларускага паэта, крытыка і перакладчыка Алеся Дудара. Паэт быў расстраляны НКВД у 1937 годзе.

Акрамя таго, парк у межах вуліцаў Пляханава, Ванеева і Яна Райніса атрымае імя класіка расейскай і кіргізскай літаратуры Чынгіса Айтматава.

Праектуемая вуліца ў межах праспекта Партызанскага, вуліцы Куляшова і вуліцы Шышкіна атрымае імя Героя Савецкага Саюза Яўгена Міркоўскага. Яўген Міркоўскі служыў у памежных войсках на тэрыторыі Беларусі, падчас Другой сусветнай вайны кіраваў дыверсійна-партызанскім атрадам ва Украіне, а з 1944 года працаваў на кіроўных пасадах у органах НКВД-НКГБ-МГБ-МУС. Выйшаў у адстаўку ў званні палкоўніка.

Парк у межах вуліцы Даўгабродскай, завулка Казлова і Сляпянскай воднай сістэмы атрымае імя беларускага дзяржаўнага дзеяча Аляксандра Герасіменкі. Герасіменка з’яўляўся сябрам камуністычнай партыі, з 1991 па 1994 год ён узначальваў Менгарвыканкам і Менгарсавет, абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету. Падчас кіравання Аляксандра Лукашэнкі Герасіменка быў намеснікам міністрам замежных справаў, прызначаўся амбасадарам у Латвіі і Балгарыі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў