Міністр абароны Раўкоў пра «Захад-2017»: Запрасілі нават тых, каго, можа быць, не трэба было запрашаць


Пра тое, што на вучэнні «Захад-2017» запрошана «неабходная колькасць назіральнікаў, СМІ, прадстаўнікоў міжнародных арганізацыяў – усіх, нават тых, каго, можа быць, не трэба было запрашаць», чыноўнік заявіў у праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь-1».

«У нас у апошні час, у тым ліку з Беларусі, з’явілася шмат аналітыкаў у вайсковай сферы, якія, калі так разабрацца, не ўсе, вядома, але большасць з іх, нават у войску не служылі», – панаракаў Андрэй Раўкоў.

Ён таксама дадаў, што задачы, запланаваныя Міністэрствам абароны, выконваюцца ў планавым парадку, і «калі гэта камусьці не падабаецца – калі ласка». Раўкоў лічыць, што вучэнні праходзяць «адкрыта для ўсіх», але «і нашым суседзям трэба быць больш адкрытымі».

«Мы павінны ўмацаваць абараназдольнасць і Рэспублікі Беларусь, і Саюзнай дзяржавы», – сказаў ён.

Назіраць за манеўрамі не пусцілі грамадскую камісію, якую ініцыяваў сустаршыня кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў.

У спісе грамадскіх назіральнікаў, які Дзмітрыеў у жніўні скіраваў у ведамства, былі 7 асобаў: як палітыкі, гэтак і вайсковыя адмыслоўцы. Сярод іх – эксперт Аляксандр Алесін.

«Генерал Белаконеў успрыняў гэта, як жаданне грамадскасці яго кантраляваць. Мы не маем сумневаў у яго вайсковых талентах, кваліфікацыі. Але меркаванне грамадскасці было б важным для грамадзянаў заходніх краінаў, для нашых суседзяў», – тлумачыў belsat.eu вайсковы адмысловец.

Агулам у Беларусь прыехалі каля 80 чалавек: з НАТО, ААН, АДКБ, СНД, Чырвонага Крыжа, а таксама прадстаўнікі вайсковых ведамстваў сямі краінаў Еўропы, некалькі сотняў журналістаў. Агульныя лічбы прыгожыя, але ад Паўночна-атлантычнага альянсу ў Беларусь дапушчаныя ўсяго два назіральнікі ды выключна ў гэтак званыя дні наведванняў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў