Міністр абароны: Які сэнс размяшчаць авіяцыйную базу на тэрыторыі Беларусі?

video

Беларускае вайсковае ведамства распрацоўвае сіметрычны адказ на вайсковыя базы НАТО ў Польшчы.

«Які сэнс размяшчаць авіяцыйную базу (расейскую. – Заўв. belsat.eu) на тэрыторыі Беларусі? Пакуль сэнсу няма. Развагі такія: нашыя суседзі, асабліва новаабраны прэзідэнт Польшчы, ён просіць НАТО, і яны пагадзіліся, размясціць чатыры базы рознага прызначэння, у тым ліку і авіяцыйнага, у непасрэднай блізкасці ад мяжы Беларусі. І адказ просты: дык, можа, мы возьмем нейкія сродкі паражэння, якія могуць своечасова ў патрэбным месцы нанесці паразу гэтым аб’ектам? Гэта будзе нашмат больш эфектыўна, чым авіяцыйная база», – заявіў 22 кастрычніка Андрэй Раўкоў.

Нагадаем, што ў верасні прэзідэнт Расеі Уладзімер Пуцін распарадзіўся падпісаць пагадненне аб размяшчэнні расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі. Адпаведны дакумент быў размешчаны на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў кіраўнік Беларусі заявіў, што нічога пра гэта не ведае.

«Я назіраю апошнім часам крыкі нашай апазіцыі наконт размяшчэння расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі. Я нічога пра гэта не ведаю. Чалавек, які павінен прымаць гэтае рашэнне, – я пра гэта нічога не ведаю. Нам не трэба база сёння. Тым больш вайскова-паветраныя сілы. Нам патрэбныя пэўныя ўзбраенні. Пра што я публічна таксама гаварыў Пуціну і раней Мядзведзеву», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле вайсковага эксперта Аляксандра Алесіна, штабы аператыўнага рэагавання НАТО ў краінах Балтыі і будучыя базы ў Польшчы вельмі непакояць Расею, а стварэнне авіябазы РФ у Беларусі не ў інтарэсах беларускіх грамадзянаў.

«Вайсковы аб’ект павышае ступень ваеннай небяспекі для Беларусі. Але справа ў тым, што згодна з дамовамі АДКБ, Саюзнай дамовай, Беларусь усё роўна будзе вымушаная ўдзельнічаць у вайне, калі ў яе ўступіць Расея – незалежна ад таго, ці ёсць у нас база, ці не. І авіяцыя НАТО будзе абстрэльваць аб’екты беларускага войска, таму што Беларусь – хаўруснік Расеі», – зазначыў у размове з belsat.eu Аляксандр Алесін.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары