Міністэрства сельскай гаспадаркі: «Рассельгаснагляд» мае перадузятае стаўленне да беларускай прадукцыі


«У нас ёсць адказ Еўразійскай эканамічнай камісіі, у якім гаворыцца пра тое, што тут на самой справе перадузятае стаўленне «Рассельгаснагляду» да беларускай прадукцыі», – заявіў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Ігар Брыло ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1».

Паводле памочніка кіраўніка «Рассельгаснагляду» Аляксея Аляксеенкі, у Беларусі пачалася кампанія па дыскрэдытацыі ягонага ведамства, паведамляе «Rambler news service».

«Атрыманая адмашка па дыскрэдытацыі «Рассельгаснагляду» з тым, каб уся прадукцыя прымалася безумоўна пад гарантыі пастаўшчыка. На самой справе плынь прадукцыі з Беларусі вельмі рэзка ўзрасла, а мы заўважалі гэта заўсёды. І па іншых напрамках таксама: калі ўзрастае плынь тавараў, заўсёды падае якасць і пагаршаецца кантроль якасці», – заявіў Аляксеенка.

«Мы гатовыя весці дыялог па любой неадпаведнасці, калі яна на самой справе існуе», – падкрэсліў кіраўнік беларускага Міністэрства сельскай гаспадаркі.

Паводле дырэктара айчыннага дэпартаменту ветэрынарнага і харчовага кантролю Мінсельгаспраду Аляксандра Куцко, склалася негатыўная практыка, калі на мяжы Расейскай Федэрацыі і Беларусі дзеяць пункты, на якіх з боку «Рассельгаснагляду» ў дачыненні да беларускай прадукцыі ажыццяўляецца татальны кантроль.

«Практычна кожная машына ўскрываецца, ажыццяўляецца дагляд, маюць месца выпадкі выгрузкі тавараў на вуліцу, адбіраюцца пробы для правядзення далейшых лабараторных даследаванняў», – паведаміў Куцко. Паводле яго, гэта супярэчыць нормам, закладзеным у дамове аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюзу.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў