Міністэрства працы прапануе павялічыць дапамогу па беспрацоўі


Фота tut.by

У Беларусі могуць павялічыць памер дапамогі па беспрацоўі да бюджэту пражыткавага мінімуму, паведаміў сёння начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Алег Токун. Але павышэнне выплат, як чакаецца, будзе датычыць не ўсіх беспрацоўных.

«Мы ўжо падрыхтавалі праект нарматыўна-прававога акту пра павышэнне дапамогі па беспрацоўі асобным катэгорыям грамадзянаў, якія страцілі працу ў выніку звальнення, скарачэння колькасці або штату работнікаў, ліквідацыі прадпрыемства», – удакладніў Алег Токун. Паводле яго слоў, праект «праходзіць апошняе ўзгадненне». Аднак, канкрэтная дата, калі дакумент уступіць у сілу, не называецца.

Дапамога па беспрацоўі для гэтых катэгорыяў беспрацоўных прапануюць павялічыць да 100 % бюджэту пражыткавага мінімуму, распавёў прадстаўнік Мінпрацы. Цяпер, сярэдні бюджэт пражыткавага мінімуму па краіне складае 1 699 430 рублёў.

Сярэдні памер дапамогі па беспрацоўі ў Беларусі ў траўні склаў 265,6 тысячы рублёў, або 15,4 % ад бюджэту пражыткавага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Максімальная дапамога не перавышае дзвюх базавых велічыняў – 420 тысяч рублёў.

У сакавіку гэтага года міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна заявіла, што дапамогу па беспрацоўі могуць павысіць, калі «ўзнікне сітуацыя ліквідацыі прадпрыемства».

Цяпер спецыялісты Мінпрацы таксама прадумваюць, як «укараніць страхаванне па беспрацоўі», адзначыў Алег Токун. Паводле яго слоў, у ведамстве маюць намер да 2017 года распрацаваць праект зменаў і накіраваць яго ва ўрад.

«Калі чалавек працаваў і плаціў страхавыя ўзносы, то ў выніку страты працы, вядома, з уважлівых прычынаў, якія не залежаць ад чалавека, пэўны час ён будзе мець права на атрыманне дапамогі па беспрацоўі, якая б паводле сусветных стандартаў забяспечыла кампенсацыю страчанага заробку ў памеры да 70 %», – распавёў Алег Токун.

МЯ, паводле tut.by

Глядзі таксама
Каментары