Міністэрства культуры ды БРСМ зладзілі ў Менску Дзень вышыванкі. Рэпартаж «Белсату»

video

Ад майстар-класаў да параду пад сцягам з нацыянальным арнаментам. У сталіцы на пляцоўцы каля Дварца спорту адзначылі Дзень вышыванкі. Арганізатарам выступіла Міністэрства культуры, прычым паабяцаўшы, што імпрэза стане штогадовай традыцыяй.

«Па-першае, хочацца паказаць, які ў нас гістарычны пласт вышыванкі, як багаты мы, беларусы сваім арнаментам, сваймі ўборамі, сваёй прыгажосцю», – тлумачыць ідэю імпрэзы рэжысёр-пастаноўшчык Наталля-Разалія Родзіна.

Паводле арганізатараў, вышыванка зʼяўляецца візітоўкай беларусаў, а таксама сімвалам-абярэгам нацыі. Апроч Мінкульту да Дня вышыванкі актыўна падключыўся Менгарвыканкам ды сябры Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі. У выніку, з аднога боку, атрымалася рэпетыцыя святкавання 3 ліпеня, але з нацыянальным арнаментам. З другога боку, гэтую імпрэзу ўжо назвалі гістарычнай.

«Гэта цудоўная ідэя, вялікая ідэя пачынаецца з чагосьці малага. Калі мы будзем любіць вышыванкі, мы будзем любіць краіну, у якой гэтыя вышыванкі, людзей з гэтай краіны. І будзем працаваць на дабро гэтай краіны, на яе незалежнасць», – мяркуе гісторык Янка Запруднік.

Адныя з першых прамотараў рэчаў з нацыянальнай сімволікай былі сябры «Арт-Сядзібы». Цяпер улады, у пэўным сэнсе, перахопліваюць ініцыятыву. Зрэшты ўдзельнікі імпрэзы не звярталі на гэта ўвагу.

«Упершыню вышыванка ўзнятая на такім нацыянальным узроўні, у маштабе, прыўрочаным да Дню Незалежнасці. Я ўпэўнены, што гэта падкрэслівае тое, што нашая незалежнасць звязаная з вельмі даўняй традыцыяй», – кажа адзін з удзельнікаў.

Іншая наведніца свята заўважае:

«Вышыванка – гэта ў першую чаргу саюз пакаленняў. Мая бабуля калісьці рабіла паясы, таксама дываны. І для мяне гэта такая сувязь і з бабуляй, і з тым часам, калі ўсе насілі беларускую вопратку».

Сярод нашых суседзяў на нацыянальным узроўні дні вышыванкі адзначаюць ва Украіне. Там імпрэза сёлета прайшла другі год запар.

Аркадзь Несцярэнка

Глядзі таксама
Каментары