Міністэрства эканомікі: «У Беларусі высокая карупцыя – гэта міф»


Такую заяву намеснік дырэктара дэпартаменту па прадпрымальніцтву Міністэрства эканомікі Дзмітрый Красоўскі зрабіў падчас канферэнцыі «У пошуках новага балансу: як суаднесці рэформу дзяржаўнага кіравання з выклікамі, якія стаяць перад Беларуссю», якая прайшла 6 снежня ў Менску.

«Дзве крайнія кропкі, калі мы адмаўляем існаванне карупцыі, і калі мы яе міфалагізуем. І першае, і другое вельмі дрэнна ўплывае на рэальную барацьбу з ёю», – сказаў ён.

Першым міфам пра карупцыю чыноўнік назваў тое, што яе нельга перамагчы. «Мы ведаем, што ёсць краіны, дзе яна зведзеная да мінімуму – гэта факт. Прычым у першую дзясятку ўваходзяць малыя краіны», – дадаў ён.

«У Беларусі высокая карупцыя – гэта таксама міф», – мяркуе Красоўскі. Паводле чыноўніка, тыя, хто заяўляе аб высокім узроўні карупцыі маглі і не сутыкнуцца з праявамі карупцыі.

«Тут ёсць такі трук сацыялогіі і недахоп яе метадаў. Уявіце, што я карупцыянер, і вы ўжо сапраўды ведаеце, што я быў заўважаны ў карупцыйным скандале. Потым вас апытваюць, ці вядомыя вам факты карупцыі ў нашай краіне. Натуральна, вы кажаце, што так. 80 % насельніцтва, па некаторых апытаннях, кажуць, што карупцыя жудасная, але асабіста пра тое, што давалі хабар, гавораць толькі 15-20 % апытаных. Выходзіць, што шмат хто асабіста не сутыкаўся, але ўпэўнены, што яна ёсць», – растлумачыў прадстаўнік Мінэканомікі.

Яшчэ адным распаўсюджаным міфам пра карупцыю Красоўскі назваў тое, што яе прычынай зʼяўляецца недастатковая барацьба з ёю. У якасці прыкладу ён прывёў Кітай, дзе за карупцыйныя злачынствы чыноўнікам пагражае смяротнае пакаранне, аднак на зніжэнне агульнага ўзроўню карумпаванасці ўлады гэта не моцна ўплывае.

Прадстаўнік Мінэканомікі лічыць, што заработная плата дзяржслужачага ў Беларусі «у цэлым па краіне нядрэнная».

«Але ў нас у грамадстве лунаюць мары аб поспеху, пра загарадную хату, аб добрым аўтамабілі. І вы разумееце, што ні адзін дзяржслужачы сумленным шляхам не зможа гэтага дасягнуць. Тут узнікае канфлікт інтарэсаў паміж сямʼёй і карʼерай і яго нельга замоўчваць», – іранічна адзначыў чыноўнік.

Сёлета ў сусветным рэйтынгу карупцыі Беларусь заняла 107-ае месца, паведамляе transparency.org. У папярэдняй справаздачы аўтарытэтнай міжнароднай няўрадавай арганізацыі «Transparency International» мы займалі 119-ае месца.[/vc_column_text][vc_single_image image=”405368″ img_size=”large” add_caption=”yes”][vc_column_text]ЮВ, belsat.eu, паводле naviny.by

Стужка навінаў