Міністэрства эканамічнага развіцця Расеі прагназуе 20 гадоў стагнацыі


Ведамства накіравала ў міністэрства фінансаў доўгатэрміновы прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2035 года, у якім гаворыцца, што ў бліжэйшыя 20 гадоў Расея будзе пераадольваць стагнацыю.

У дакуменце гаворыцца, што расейская эканоміка выйдзе з рэцэсіі ў 2017 годзе. Бліжэйшыя 20 гадоў яна будзе расці ў сярэднім на 2 % у год, што прыкладна ў 1,5 разы ніжэй за сярэднесусветныя тэмпы. Цягам двух дэкадаў, адзначаецца ў прагнозе, Расея зможа павялічыць ВУП толькі ў 1,5 разы.

Рэальныя даходы насельніцтва, паводле з прагнозу Мінэканомразвіцця будуць расці на 1,4 % у год. Да 2021 году яны змогуць выйсці на ўзровень 2013 года, а ў 2035 вырастуць на 30 %.

У 2021 годзе ўдасца пераадолець наступствы трохгадовага інвестыцыйнага спаду, адзначае міністэрства ў прагнозе. Інвестыцыі выйдуць на ўзровень дакрызіснага 2013 года, але іх тэмп складзе 3,3 %.

Раней Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што айчынная эканоміка, на яго думку, пераадольвае стагнацыю. Ён лічыць, што неабходна забяспечыць пераход да ўстойлівага росту.

Фота: ria.ru

ЮВ, belsat.eu, паводле vedomosti.ru

Стужка навінаў