Міністэрства аховы здароўя: выпадкі анафілактычнага шоку, хутчэй за ўсё, не звязаныя з якасцю лекаў


«Вопыт, у тым ліку сусветны, сведчыць, што гэта індывідуальная алергічная рэакцыя на ўжыванне тых ці іншых прэпаратаў. Міністэрства аховы здароўя практычна на 100% упэўненае, што якасць лекавых прэпаратаў пасля праверкі будзе прызнана адпаведнай», – заявіў першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

Па справе выказаўся таксама віцэ-прэмʼер, былы міністр аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко.

«Тры выпадкі анафілактычнага шоку за такі кароткі прамежак часу – сітуацыя нестандартная, але не трэба запалохваць насельніцтва», – цытуе яго словы БелаПАН.

Летась у Беларусі зафіксавалі 25 выпадкаў алергічнай рэакцыі на цэфтрыяксон (прэпарат пераважна расейскай і польскай вытворчасці) і 254 выпадкі алергічнай рэакцыі на лекавыя прэпараты, адзначыў Жарко.

Ён дадаў, што ў параўнанні з сусветнай практыкай выпадкаў алергічнай рэакцыі на медычныя прэпараты не так і шмат.

Разам з тым Міністэрства аховы здароўя рэкамендаваў абмежаваць ужыванне парэнтэральных антыбактэрыйных сродкаў – пеніцылінавага і цефалспарыновага шэрагу.

У міністэрстве раяць аддаваць перавагу неабходна антыбіётыкам у таблетках.

У Беларусі за апошнія пару дзён зафіксаваныя тры выпадкі «анафілактычнага шоку». 20 студзеня ў Ганцавічах ратавалі дзяўчынку пасля ўколу лекаў. У той жа дзень у шпіталь з дыягназам «анафілактычны шок» паступіла яшчэ адна жыхарка Ганцавіцкага раёну, а ў рэанімацыю пасля інʼекцыі «Цэфтрыяксон» расейскай вытворчасці і беларускага лідакаіна ў Барысаве трапіў хлопчык. Яшчэ адна жанчына пасля ўвядзення цэфтрыяксону з лідакаінам памерла ў Маладзечне.

ДР belsat.eu паводле belta.by

Стужка навінаў