Міністэрства аховы здароўя пракаментавала сітуацыю з хатнімі родамі ў Беларусі


Міністэрства аховы здароўя не лічыць сёння мэтазгодным ўкараняць сістэму хатніх родаў, перадае TUT.BY. Пра гэта журналістам распавяла Алена Богдан, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя.

Паводле яе слоў, толькі брыгада прафесіяналаў зможа дапамагчы жанчыне ў працэсе родаў.

«Патрэбныя і запасы крыві, і апарат ШВЛ, часам патрэбна спецыяльная аперацыйная брыгада. Акушэрка не выдаліць матку, не паставіць балон, не зробіць гэта, таму што гэта не акушэрская працэдура».

Таксама ў Беларусі не плануюць дэлегаваць хатнія роды прыватным медыцынскім цэнтрам.

«Што значыць мы дазволім камерцыйныя цэнтры? Сёння ні адзін камерцыйны цэнтр у Беларусі не праводзіць родавырашэнне. Так, яны вядуць цяжарнасць. Але паверце, што гэта не толькі думкі Міністэрства аховы здароўя. Гэта рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

Адна з мэтаў ўстойлівага развіцця – даступная медыцынская кваліфікаваная дапамога падчас цяжарнасці і родаў. Гэта прысутнасць не толькі акушэркі. У нас сёння акушэрка прымае роды разам з лекарам. У нас на родах пасля нараджэння дзіцяці павінен абавязкова агледзець неанатолаг або адмыслова падрыхтаваны урач-педыятр, часам неабходна падключыць да гэтай брыгады анестэзіёлага-рэаніматолага, які правядзе інтубацыю трахеі ў нованароджанага і ўвядзе спецыяльныя лекавыя сродкі. Зрабіць гэта ў хатніх умовах – рызыка для медработніка. Не думаю, што сёння ў Беларусі ёсць хоць адзін камерцыйны цэнтр, які пойдзе на роды дома», – адзначыла спецыяліст.

З нагоды дэпутацкай ініцыятывы забараніць хатнія роды, Алена Богдан заўважыла, што ім такія прапановы ад дэпутатаў не паступалі.

Нагадаем, нядаўна жыхарку Віцебска, якая пасля хатніх родаў страціла дзіця, судзілі за прычыненне дзіцяці смерці па неасцярожнасці і далі шэсць месяцаў пазбаўлення волі. А 28 верасня ў шпіталь даставілі 29-гадовую жанчыну, якая пазней памерла. Дома ў яе былі знойдзены дзве нованароджаныя дзяўчынкі без прыкмет жыцця.

Міністэрства аховы здароўя агучыла лічбу: у мінулым годзе на хаце нараджалі 230 жанчын. Пры гэтым пры такіх родах паказчык смяротнасці ў сем разоў вышэй, чым пры родах у радзільні.

У Беларусі легальным з’яўляецца толькі адзін спосаб прыняцця родаў – у дзяржаўным радзільным доме. Камерцыйныя медцэнтры такога права не маюць.

KA. belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары